Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/514

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вы мне паверыце. Перад богам — бацька Казеты не я. Пан барон Панмерсі, я — селянін з Фавероля. У юнацтве я быў чысцільшчыкам дрэў. Мяне завуць не Фашлеван, я — Жан Вальжан. Я — нішто для Казеты. Супакойцеся!

— Хто дакажа мне гэта? — прамармытаў Марыус.

— Я. Таму што я гавару вам гэта.

Марыус зірнуў на гэтага чалавека. Ён быў хмуры і спакойны. Ніякая мана не магла зыходзіць з гэтага спакою. Адчувалася праўда ў гэтым магільным холадзе.

— Я вам веру, — сказаў Марыус.

Жан Вальжан нахіліў галаву, нібы выражаючы згоду, і потым прадаўжаў:

— Што я для Казеты? Першы сустрэчны. Дзесяць год таму назад я і не ўяўляў нават аб яе існаванні. Я люблю яе, гэта праўда. Калі бачыш дзіця з маленства і сам ужо стары, то мімаволі прывязваешся да яго. Думаю, што вы можаце дапусціць аб існаванні сэрца ў мяне ў грудзях. Яна была круглая сірата. Я ёй быў патрэбны. Вось чаму я і палюбіў яе. Дзеці так бездапаможны, што кожны, нават такі чалавек, як я, можа служыць ім апорай. Я быў апорай для Казеты. Не думаю, каб такія дробязі можна было назваць добрай справай, але калі гэта так, то дапусціце, што я зрабіў яе. Залічыце мне гэтую змякчаючую акалічнасць. Цяпер-жа Казета пайшла ад мяне; нашы шляхі разышліся. Усё ўладзілася цудоўна. Што датычыць шасцісот тысяч франкаў, то, папярэджваючы вашы пытанні, магу вам сказаць, каб вы не турбаваліся аб іх. Яны былі адданы мне на хаванне. Як яны мне трапілі, гэта ўсёроўна. Цяпер я іх звяртаю. Нічога больш патрабаваць ад мяне нельга. Апрача таго, я назваў сваё сапраўднае імя. Для мяне важна, каб вы ведалі, хто я.

І Жан Вальжан зірнуў проста ў твар Марыусу.

Тое, што перажываў Марыус, было трывожнае і смутнае. Такія парывы лёсу ўзнімаюць у душы нашай цэлую буру. Ён ашаломлены быў сваім новым становішчам і, нібы дакараючы Жана Вальжана за гэтае прызнанне, ускрыкнуў гняўліва:

— Але хто прымушае вас расказваць мне ўсё гэта? Навошта вы мне гэта гаворыце? Вы маглі-б захаваць гэтую таямніцу для сябе. На вас-жа ніхто не данёс, вас не праследуюць, не цкуюць. У вас, напэўна, ёсць прычына, чаму вы ўсё гэта робіце? Канчайце! За гэтым яшчэ штосьці хаваецца. Навошта гэтае прызнанне? Якая прычына?

— Якая прычына? — адказваў Жан Вальжан, і голас яго зрабіўся ціхі і глухі, нібы ён гаварыў сам з сабою. — Якая прычына прымушае катаржніка прыйсці і сказаць: „Я — ка-