Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/507

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

таваць гэты труп. І гэты труп быў я. Ён сказаў сабе: у ім, магчыма, асталася яшчэ іскра жыцця; рыскну сваім жыццём для гэтай нязначнай іскры. І ён рыскаваў ім не адзін раз на працягу гэтага шляху, а дваццаць разоў. Кожны крок нёс з сабою страшную небяспеку. Доказам гэтаму служыць тое, што пасля выхаду з падзямелля ён быў арыштаваны. І ўсё гэта зрабіў гэты чалавек, міласцівы гасудар! І ніякай узнагароды! Кім быў я? Інсургентам, раненым. О, каб шэсцьсот тысяч франкаў Казеты былі мае!..

— Яны вашы, — перарваў яго Жан Вальжан.

— Ну, дык я аддаў-бы іх, каб толькі знайсці гэтага чалавека, — горача адказваў Марыус.

Жан Вальжан захоўваў глыбокае маўчанне.

16 лютага, нарэшце, адбылося вяселле Марыуса і Казеты.

Гэта прыпала якраз на час карнавала, і вуліцы, па якіх праязджаў вясельны поезд да царквы, запруджаны былі маскамі і камедыянцкімі працэсіямі. У першай вясельнай карэце сядзела Казета, цётка Жыльнарман, дзед і Жан Вальжан; у другой ехаў Марыус. Калі яны выехалі на бульвар, то трапілі ў чараду экіпажаў, і ім нехаця прышлося ехаць крокам.

У адным месцы натоўп скучыўся да таго, што прышлося і зусім спыніцца. У той-жа самы час такая затрымка здарылася і на процілеглым баку. Якраз супроць вясельнага поезда спынілася калымага, напоўненая кучай ражаных агідных мужчын і жанчын. Убачыўшы супроць сябе карэту з нявестай, адна з масак ускрыкнула:

— Глядзіце-тка, вяселле!

Дзве маскі з гэтай групы, іспанец з вялізным носам і з вялізнымі чорнымі вусамі і худая пуасардка, відавочна маладзенькая дзяўчына, звярнулі асаблівую ўвагу на вяселле і, абмяняўшыся некалькімі заўвагамі, пачалі ціха паміж сабою гутарыць.

— Я ўпэўнены, што знаю таго старога, у якога рука на чорнай перавязі, — сказаў іспанец.

Трэба заўважыць, што за некалькі дзён да вяселля Жан Вальжан параніў сабе вялікі палец правай рукі. Рана была настолькі нязначная, што ён нікому нават не паказаў яе, не выключаючы і Казеты, але тым не менш абвязаў руку і надзеў павязку. З прычыны гэтага ён не мог падпісаць ніводнага дакумента, так што яго павінен быў замяніць пан Жыльнарман у якасці апекуна Казеты.

Іспанец, між тым, прадаўжаў:

— Ці можаш разгледзець нявесту?

— Не магу, — адказвала дзяўчына.