Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/503

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён сказаў гэта не знарок, але няўважлівасць да прозвішчаў была яго арыстакратычнай замашкай.

— Пан Траншлеван, маю гонар прасіць рукі вашай дачкі для майго ўнука, барона Марыуса Панмерсі.

„Пан Траншлеван“ пакланіўся.

— Вырашана, — вымавіў дзед і, павярнуўшыся да Марыуса і да Казеты, дадаў:

— Дазваляецца вам абажаць адзін аднаго.

Яны не прымусілі паўтараць сабе гэта.

Між імі пачалося шчабятанне. Яны гутарылі ціха, схіліўшыся адзін да аднаго. Казета расказвала свае хваляванні і трывогі. Марыус маўкліва глядзеў на яе, захапляючыся гукамі яе голасу. Потым яны змоўклі і, не гаворачы ні слова, ціха паціскалі адзін аднаму рукі.

Дзед сеў поплеч з імі і злучыў іх рукі ў сваіх.

— Якая цудоўная крошка, сапраўднае цуда, гэтая наша Казета! Кахайце адзін аднаго, дзеці мае. Абажайце адзін аднаго. Але вось бяда, — раптам вымавіў ён, нахмурыўшы бровы, — я і забыўся, што палова маёй маёмасці змешчана ў пажыццёвую рэнту, і пакуль я жывы, то яшчэ туды-сюды, а калі я памру, год праз дваццаць вы, мае бедныя дзеці, астанецеся без граша. І што вы будзеце рабіць, мая маленькая баранесачка, сваімі беленькімі ручкамі?

Раптам у пакоі пачуўся спакойны і сур’ёзны голас, які вымавіў:

— Дзяўчына Фашлеван мае шэсцьсот тысяч франкаў.

Гэта быў голас Жана Вальжана.

Увесь гэты час ён не гаварыў ні слова, і ніхто, здавалася, не ведаў, што ён тут. Ён бязмоўна стаяў ззаду ў гэтых шчаслівых людзей.

— Шэсцьсот тысяч франкаў! — ускрыкнуў Жыльнарман.

— Без чатырнаццаці або пятнаццаці тысяч, магчыма, — сказаў Жан Вальжан.

І ён паклаў на стол скрутак, які трымаў у руцэ. Ён сам развязаў яго. Гэта аказалася звязка банкавых білетаў. Іх разгарнулі і пералічылі: пяцьсот білетаў па тысячы франкаў і сто шэсцьдзесят восем па пяцьсот. Усяго пяцьсот васемдзесят чатыры тысячы франкаў.

Марыус і Казета глядзелі адзін на аднаго і амаль не заўважалі, што рабілася навокал.

З усяго свайго вялізнага багацця Жан Вальжан пакінуў сабе ўсяго пяцьсот франкаў.

— Паглядзім пасля, — сказаў ён сабе.

Жан Вальжан ведаў, што збавіўся, нарэшце, ад Жавера.

Пры ім расказвалі, ды і сам ён прачытаў у газетах, што паліцэйскі інспектар па імю Жавер быў знойдзены ўтонуў-