Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/502

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

заў я сабе, у мяне пад рукою маленькая Казета; аддам вось яе яму, тады ён нехаця палюбіць мяне хоць крыху. А ты, напэўна, думаў, што я забушую, закрычу? Ды не. Казета — няхай Казета; каханне — зрабі ласку; калі ласка, судар, жаніся. Будзь шчаслівы, дзіця маё.

І, сказаўшы гэта, стары зарыдаў.

Ён прытуліў галаву Марыуса да сваіх старых грудзей і абодва плакалі гарачымі слязмі. Гэта было вышэйшае і чалавечае шчасце на зямлі.

— Бацька! — ускрыкнуў Марыус.

— Дык ты мяне любіш? — запытаў стары.

Гэта была неапісальная хвіліна. Абодва яны не маглі вымавіць ні слова ад хвалявання. Нарэшце, стары праляпятаў:

— Ну, нарэшце-то ён назваў мяне бацькам!

Марыус узняў галаву з грудзей дзеда і ціха сказаў:

— Цяпер-жа я здаровы, бацька, значыць, я магу яе і бачыць?

— Вядома, ты ўбачыш яе заўтра, — адказаў дзед.

— Чаму-ж не сёння?

— Ну, сёння, дык сёння. Зараз распараджуся.

І ён вышаў з пакоя аддаць загад.

Праз гадзіну ці дзве Марыус і Казета ўбачыліся.

Мы адмаўляемся апісваць гэтае спатканне. Ёсць рэчы, якія не паддаюцца апісанню. Няма чаго і спрабаваць рабіць гэта.

Уся сям’я, не выключаючы і слуг, сабралася ў пакоі Марыуса, калі ўвайшла Казета. Яна з’явілася на парозе, нібы акружаная ззяннем. Дзед зірнуў на яе і праказаў:

— Чароўная!

— Казета была ў захапленні. Яна была ашаломлена шчасцем. Яна штосьці бяссувязна лепятала, то бляднела, то чырванела, хацела кінуцца Марыусу на шыю і не адважылася гэтага зрабіць. Ёй было сорамна пры ўсіх выяўляць сваё каханне.

Разам з Казетай, ззаду за ёю, у пакой увайшоў чалавек з зусім белымі валасамі, са строгім тварам, але з усмешкай на вуснах. Гэта быў пан Фашлеван: гэта быў Жан Вальжан.

Ен быў вельмі добра апрануты, у чорным зусім новым адзенні з белым гальштукам на шыі. Увайшоўшы ў пакой Марыуса, ён спыніўся ля парога. У руках у яго быў нейкі скрутак, падобны да кнігі.

Пан Жыльнарман павярнуўся да яго і, далікатна кланяючыся, праказаў:

— Пан Траншлеван...