Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/501

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адмова. Пры гэтым прыпомніліся адносіны дзеда да бацькі, і Марыус упэўніваў сябе, што няма чаго разлічваць на дабрату таго, хто быў такі несправядлівы да нябожчыка. Разам з здароўем у Марыусе зараджалася нейкая жорсткасць у адносінах да дзеда. Дзед пакорліва зносіў усё.

Стары заўважыў, што з таго часу, як унук апрытомнеў, ён ні разу не назваў яго бацькам. Праўда, ён не гаварыў „судар“, але старанна ўнікаў якога-б там ні было слова звароту.

Крызіс, відавочна, набліжаўся. Марыус рашыў у выпадку адмовы сарваць усе павязкі, агаліць незагоеныя яшчэ раны, расхістаць ключыцу і адмовіцца ад яды. Казета або смерць.

Ён пачаў чакаць зручнага выпадку для пачатку барацьбы. Выпадак хутка прадставіўся.

Аднойчы дзед нахіліўся над пасцеллю Марыуса і сказаў яму самым пяшчотным тонам.

— Бачыш, мой мілы Марыус, я на тваім месцы еў-бы цяпер пабольш мяса. Гэта хутчэй паставіла-б цябе на ногі.

Марыус, сілы якога былі адноўлены, сабраўся з духам і, узлакаціўшыся абодвума рукамі на падушкі, гледзячы проста дзеду ў твар, сказаў з пагрозлівым выглядам:

— На гэта я павінен нешта вам сказаць.

— Што такое?

— Я хачу жаніцца.

— Гэта прадугледжана, — адказаў дзед і рассмяяўся.

— Як прадугледжана?

— Так, прадугледжана, ты атрымаеш сваю нявесту.

Марыус, здзіўлены і аслеплены, задрыжэў усім целам. Пан Жыльнарман казаў далей:

— Так, ты яе атрымаеш, тваю цудоўную дзяўчынку. Кожны дзень яна пад выглядам нейкага старога прыходзіць даведвацца аб тваім здароўі. З таго часу, як ты хворы. У яе не высыхаюць вочы і ўсё шчыпле для цябе корпію. Я даведаўся пра яе. Яна жыве на вуліцы Ом Армэ, дом нумар сем. Ты жадаеш яе атрымаць — і атрымаеш. А што, папаўся, хлапец?! Ты, напэўна, рашыў пра сябе пачаць са мною бітву, разлічваў на спрэчкі, сцэны і не ведаў, што я — стары палахлівец. Дык вось, ты прагадаў. Твая грамавая прамова прапала дарэмна. Што-ж, злуйся за гэта, колькі табе ўлезе, а я ўсё-такі зраблю па-твойму. Я сабраў аб ёй звесткі, яна абажае цябе, і мне прыходзіла на думку, каб пасадзіць яе ля твайго ўзгалоўя, як толькі ты пачаў папраўляцца. Ну, але гэта аказалася не зусім зручна для маладзенькай дзяўчыны. Дык вось бачыш, якая мая лютасць? Я ўбачыў, што ты мяне не любіш, і падумаў, што-б мне такое зрабіць, каб гэтая скаціна мяне палюбіла. А, ска-