Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/500

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

радка, ён трызніў і быў непрытомны. Цэлымі начамі паўтараў ён імя Казеты з нейкай пахмурай упартасцю. Пан Жыльнарман даходзіў да шаленства ад гора, не адыходзіў ад узгалоўя ўнука і таксама, як і ён, здавалася, мучыўся тымі-ж самымі ранамі.

Кожны дзень, часам па два разы ў дзень, нейкі пан з белымі, як снег, валасамі, вельмі добра апрануты, прыходзіў даведацца пра здароўе хворага і прыносіў вялікія скруткі корпіі.

Нарэшце, 7 верасня, роўна праз чатыры месяцы пасля таго, як непрытомнага Марыуса прынеслі ў дом яго дзеда, доктар абвясціў, што ручаецца за выздараўленне. Тым не менш Марыус яшчэ два месяцы павінен быў праляжаць, не рухаючыся, у пасцелі, з-за раны ў ключыцы.

У той дзень, калі доктар абвясціў, што небяспека мінула, дзед быў нібы шалёны з радасці. Ён нават пусціўся ў скокі і пачаў спяваць нейкую песеньку. Потым упаў на калені і пачаў маліцца — рэч, якой да гэтага часу ён ніколі не рабіў.

З боязні надакучыць Марыусу або стаміць яго, ён спыніўся ззаду яго і ўсміхаўся. Ён быў задаволены, шчаслівы, вясёлы. Яго белыя валасы надавалі спакойную веліч яго твару, асветленаму радасцю.

Што датычыць Марыуса, то яго ўвесь час паглынала адна толькі думка — Казета.

З таго часу, як ён перастаў трызніць, ён не вымаўляў больш яе імя, але яна ні на хвіліну не выходзіла ў яго з галавы.

Ён не ведаў, што з ёй сталася. Падзея на вуліцы Шанврэры здавалася яму нейкім сном. Няясныя вобразы ў тумане мільгалі ў яго стомленых мазгах. З’яўленне пана Фашлевана рабіла на яго ўражанне загадкі. Ён не разумеў, як ён астаўся жывы, хто выратаваў яго. Яму расказалі тады, што ноччу яго хтосьці прывёз да пана Жыльнармана ў фіякры. Усё астатняе было пакрыта цемрай. Але сярод гэтай цемры ў яго была адна толькі цвёрдая, нерухомая кропка — жаданне знайсці Казету як-бы там не было. Ён рашыў патрабаваць выканання яго ад кожнага, хто хацеў-бы прымусіць яго жыць.

Яго мала цікавілі клопаты і пяшчоты дзеда. Па-першае, яму не ўсё было вядома, а па-другое, ён не давяраў гэтым пяшчотам, думаючы, што іх мэта — пакарыць яго. Дзед дарэмна траціў свае старэчыя ўсмешкі: Марыус аставаўся халодны. Ён думаў, што ўсё ідзе добра, пакуль ён, Марыус, маўчыць, але варта яму заікнуцца аб Казеце, і адразу-ж адновяцца ўсе ранейшыя пярэчанні, насмешкі, супраціўленні, і, нарэшце