Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Я гэта цяпер бачу. А вы прывялі яго сюды. Гэта простае непаразуменне.

— Калі так, то мы можам адпусціць яго? — запытаў брыгадзір.

— Вядома, — адказваў епіскап.

Жандармы выпусцілі з рук Жана Вальжана, які адсоўваўся ад іх.

— Хіба мяне сапраўды адпускаюць? — запытаў ён невыразным голасам, нібы ў сне.

— Ну так, цябе адпускаюць, хіба ты не чуеш? — сказаў жандарм.

— Друг мой, — сказаў епіскап, — раней, чым вы пойдзеце, вось вазьміце падсвечнікі.

Ён падышоў да каміна, узяў абодва срэбныя падсвечнікі і падаў іх Жану Вальжану. Абедзве жанчыны моўчкі і нерухома сачылі за ўсім, што адбывалася, ніводным позіркам не жадаючы перашкодзіць епіскапу.

Жан Вальжан дрыжэў усімі фібрамі.

Машынальна, са збянтэжаным выглядам, узяў ён у рукі падсвечнікі.

— Цяпер ідзіце з мірам, — казаў далей епіскап. — Дарэчы, друг мой, калі вернецеся калі-небудзь яшчэ раз, то, каб выйсці, вам няма патрэбы праходзіць праз сад. Дзверы на вуліцу ніколі не замыкаюцца.

І, звярнуўшыся да жандармаў, дадаў:

— Вы, паны, можаце ісці.

Жандармы пайшлі.

Жан Вальжан быў нібы ў непрытомнасці.

Епіскап прыблізіўся да яго і сказаў ціха:

— Не забывайце, ніколі не забывайце таго, што вы абяцалі мне скарыстаць гэтае срэбра на тое, каб зрабіцца сумленным чалавекам.

Жан Вальжан, які, наколькі мог прыпомніць, ніколі не абяцаў нічога падобнага, стаяў здзіўлены. Епіскап зрабіў асаблівы націск на гэтых словах. Потым дадаў урачыста.

— Жан Вальжан, брат мой, вы не належыце больш злу, вы ва ўладзе дабра. Я купляю ў вас вашу душу. Я адрываю яе ад злых і чорных думак, ад духу цемры і аддаю яе богу.

ХІІ

МАЛЫШ ЖЭРВЕ

Жан Вальжан вышаў з горада, нібы ратуючыся ўцёкамі. Ён ішоў вялікімі крокамі, спяшаючыся, то праз палі, то па дарозе, то па першай трапіўшай яму сцежцы, не заўва-