Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мірыель прыбыў у Дынь у суправаджэнні дзяўчыны, мадэмуазель Батыстын, сваёй сястры, на дзесяць год маладзейшай за яго.

У іх была ўсяго адна служанка, равесніца мадэмуазель Батыстын, па імю пані Маглуар. У мадэмуазель Батыстын быў доўгі, худы і лагодны твар. Яна была ўвасабленнем пачцівасці. Яна ніколі не была прыгожая. Усё яе жыццё, якое прадстаўляла сабой суцэльны ланцуг добрых спраў, наклала на яе пячаць якойсьці чыстаты і беззаганнасці, і, састарэўшыся, яна набыла тое, што можна назваць прыгожасцю дабраты. Тое, што было ў маладосці худзізнай, зрабілася ў старыя гады далікатнасцю.

Пані Маглуар была маленькая старая, сівавалосая, поўная, дзейная, заўсёды запыханая, па-першае таму, што вечна была ў сумятні, і, па-другое, у яе была астма.

Калі Мірыель прыбыў у Дынь, то яго змясцілі ў епіскапскім палацы, з усёю пашанай, прадпісанай імператарскім дэкрэтам, які ставіў епіскапа адразу-ж пасля фельдмаршала. Мэр і старшыня суда першыя зрабілі яму візіты; ён, у сваю чаргу, першым паехаў да генерала і прэфекта. Пасля ўсталявання Мірыеля на месцы жыхарства паства пачала чакаць, як выявіць сябе епіскап на справе.

II

СЛОВА НЕ РАЗЫХОДЗІЦЦА СА СПРАВАЙ

Епіскапскі палац прылягаў да шпіталя. Палац прадстаўляў сабой вялікі дзівосны каменны будынак, пабудаваны ў пачатку мінулага стагоддзя — прыблізна каля 1712 года. У вялізных пакоях было шмат паветра, прыёмныя залы аздоблены былі з вялікім густам і прыгожасцю. Навакол ішоў пышны сад са старымі, цяністымі дрэвамі. Дзверы ў сталовай проста выходзілі ў гэты сад.

Шпіталь змяшчаўся ў маленькім двухпавярховым цесным доміку з маленькім палісаднікам навакол.

Праз тры дні пасля свайго прыезду епіскап наведаў шпіталь. Пасля гэтага ён папрасіў да сябе начальніка бальніцы.

— Пан дырэктар, сказаў ён яму, — колькі хворых у вас у гэтую мінуту?

— Дваццаць шэсць, ваша святасць.

— Так, я сам налічыў столькі-ж.

— Ложкі вельмі цесна прысунуты адзін да аднаго, — заўважыў дырэктар.

— Я гэта таксама заўважыў, — адказваў епіскап.