Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/499

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жыццё? Ён павінен быў прымусіць расстраляць сябе, паклікаўшы другіх інсургентаў[1]. Гэта было-б лепш.

Цяпер-жа глеба нібы выслізнула з-пад яго ног. Закон астаўся нейкім абломкам у яго руках. Цэлы новы свет адкрыўся яго ўнутраным вачам. Сярод цемры ён бачыў усход нейкага невядомага сонца і быў спалоханы і аслеплены яго праменнямі. Ён павінен быў прызнацца, што дабрата існуе на свеце. Гэты катаржнік быў добры, і сам ён надзвычайная рэч! — выказаў дабрату. Ён назваў сябе баязліўцам і спалохаўся самога сябе. Ён здрадзіў сабе. Ён сам не мог зразумець, як гэта здарылася, і ў роспачы сціскаў галаву рукамі.

Ён прайшоўся некалькі разоў узад і ўперад па наберажнай, потым зноў спыніўся на ранейшым месцы і ў ранейшай позе, нібы і не зыходзіў з месца.

Цемра была страшэнная. Густыя хмары завалаклі зоркі; нідзе не мільгала ніякага агеньчыка. Ні душы на вуліцах. Ліхтар кідаў цьмянае чырванаватае святло на наберажную. Сілуэты мастоў зліваліся з цемрай.

Жавер нахіліў галаву і паглядзеў уніз. Усё было чорна. Нічога нельга было адрозніць. Чутны быў толькі шум вады, ракі-ж не было відаць. Часам мільгала святло, звіваючыся, як змяя, — фасфарычная ўласцівасць вады давала святло нават сярод непранікальнай цемры. Іскра гасла, ізноў наставала цемра. Здавалася, унізе было прадонне. Стромкая сцяна наберажнай рабіла ўражанне кручы над прадоннем.

Нічога не было відаць, але адчуваўся ледзяны холад вады. Суровае дыханне ўзнімалася з гэтага віру. Думка аб магчымасці падзення ў яго наводзіла жах.

Жавер аставаўся некалькі хвілін нерухомым, гледзячы ў гэтую адкрытую цемру. Ён узіраўся ў нябачнае з вялікай увагай. Вада журчэла. Раптам ён зняў капялюш і паставіў яго на край парапета. Праз хвіліну высокая чорная постаць, якую здалёк прахожы палічыў-бы за здань, паказалася на парапеце, схіліўшыся над ракой. Потым яна выпрасталася і ўпала ў цемру. Пачуўся глухі плёск. Адна толькі цемра пазнала таямніцу перадсмяротных сударгаў гэтай чорнай постаці, якая знікла пад вадой.

XLIX

МАРЫУС ВЯДЗЕ АТАКУ НА ДЗЕДА

Марыус доўгі час знаходзіўся паміж жыццём і смерцю. На працягу некалькіх тыдняў у яго была страшная ліха-

  1. Інсургент — літаральна азначае паўстанец.