Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/498

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Жавер узлакаціўся на парапет, уткнуў падбародак у далоні і задумаўся. Ён страшэнна мучыўся. Ён адчуваў нейкую глыбокую збянтэжанасць, нібы сумленне яго раздвоілася. Становішча было нязноснае.

Быць абавязаным жыццём злачынцу, апынуцца, мімаволі, на адным узроўні з катаржнікам, плаціць яму паслугай за паслугу і ў адказ на яго „ўбірайся“ сказаць: „ты вольны“, афяраваць абавязкам асабістым матывам, здрадзіць грамадству для свайго сумлення, — ён не мог дапусціць думкі, каб такая бязглуздзіца магла быць створана ім. Яго глыбока здзівіла, што Жан Вальжан злітаваўся над ім, але яшчэ больш здзівіла тое, што ён, Жавер, сам дараваў Жану Вальжану.

Да чаго ён дайшоў, дзе апынуўся! Ён не пазнаваў самога сябе!

Што рабіць цяпер? Узяць Жана Вальжана — дрэнна, пакінуць яго на волі, — дрэнна. У першым выпадку прадстаўнік улады падаў ніжэй за катаржніка, у другім — злачынец таптаў нагамі закон. І тае і другое было бясчэсцем для Жавера.

Яго ўчынак кідаў яго ў дрыжыкі. Як гэта ён, Жавер, адважыўся вызваліць злачынца наперакор усім грамадскім і судовым парадкам і паставіў свае асабістыя справы вышэй сваіх абавязкаў? Пры гэтай думцы ён гатовы быў вярнуцца на вуліцу Ом Армэ і схапіць Жана Вальжана. Але ён не мог гэтага зрабіць: штосьці перагароджвала яму шлях.

Што-ж гэта такое было? Хіба-ж ёсць на свеце што-небудзь іншае, апрача судоў, улады, паліцыі? Думкі Жавера блыталіся. Яго гняло велікадушша Жана Вальжана. Жавер адчуваў, што ў яго душу пранікае нешта жахлівае — здзіўленне перад катаржнікам. Павага да арыштанта? Хіба гэта магчыма? Ён уздрыгваўся, але не ў сілах быў адагнаць гэтага пачуцця і павінен быў у глыбіні сваёй душы прызнаць маральную вышыню гэтага адвержанага. Гэта было немагчыма.

Дабрадзейны злодзей, літасцівы катаржнік, які плаціць за зло дабром і мяняе помсту на літасць, губіць самога сябе і ратуе ворага свайго! Жавер павінен быў прызнацца, што такое дзіва існуе.

Потым думкі яго звярталіся да самога сябе, і поруч з узросшым Жанам Вальжанам ён бачыў сябе, Жавера, прыніжаным.

Катаржнік быў яго дабрадзеем!

Навошта ён дазволіў гэтаму чалавеку дараваць сабе