Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/497

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

я выхаваў яго, сачыў за яго гульнымі, за яго дзіцячым мілым лепятаннем. Маці яго памерла; ён быў тады яшчэ такі маленькі, ружовы, белакуры. Памятаю аднойчы ў садзе, у Тюільры, яго абступілі, гаворачы: „Які прыгожы хлопчык!“ У яго была галава, як малююць на карцінках. Раніцою ён уваходзіў да мяне, і я гаварыў з ім грубым голасам і нібы злаваўся, а ў сапраўднасці мне здавалася, што ў пакой з яго прыходам пранікаў сонечны прамень. Ну, і што вы цяпер скажаце на гэта, што яго ў мяне забілі! Гэта немагчыма!

Ён зноў падышоў да непрытомнага Марыуса, усё яшчэ бледнага і нерухомага, і заламіў рукі. Пасінелыя губы штосьці шапталі, і асобныя словы з хрыпам выляталі з яго грудзей.

— Даць сябе забіць! З-за чаго? Яму-ж толькі дваццаць год! Памерці, не азірнуўшыся нават на тое, што пакідаеш ззаду за сабой! Ну, ды што гаварыць, я таксама ўжо ўсёроўна што памёр! Якое шчасце! Усё скончыцца адразу. І калі ты, разбойнік, даў сябе забіць ні за што, ні за якое, дык і я ніколькі і не засмучуся тваёй смерцю. Чуеш, разбойнік, ніколькі!

У гэтую хвіліну Марыус паволі расплошчыў вочы, і позірк яго, яшчэ затуманены, спыніўся на пане Жыльнармане.

— Марыус! — ускрыкнуў стары. — Марыус, дзіця маё! Мой дарагі сын! Ты адплюшчыў вочы, ты глядзіш на мяне, ты жывы! О, дзякую!

І ён страціў прытомнасць.

XLVIII

ЖАВЕР ЗЫХОДЗІЦЬ СА СЦЭНЫ

Жавер ціхімі крокамі ішоў з вуліцы Ом Армэ. Ён ішоў, схіліўшы галаву ў першы раз у сваім жыцці і заклаўшы рукі назад таксама ў першы раз у жыцці.

Да гэтага часу поза яго заўсёды выражала рашучасць; цяпер-жа адбылася перамена. Уся яго постаць, панурая і марудлівая, прасякнута была глыбокім хваляваннем. Ён паглыбіўся ў пустынныя вуліцы, але трымаўся, як відаць, пэўнага кірунку.

Самым кароткім шляхам ішоў ён да Сены і спыніўся на наберажнай. Ля ног у яго страшэнна бурліла і пенілася вада, якая ўтварала вадаварот у гэтым месцы. Судноўшчыкі старанна ўнікаюць трапляць сюды. Выратавацца амаль немагчыма. Лепшыя плаўцы топяцца.