Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/496

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

белы халат без складак, як у саван. Ён быў падобны да здані, якая заглядае ў магілу.

Ён убачыў ложак і акрываўленае цела чалавека, распасцёртага на ім. Гэтае цела, голае да пояса, з бледным тварам і заплюшчанымі вачыма, ярка асвятлялася трыма запаленымі васкавымі свечкамі.

Дзед затрапятаў з галавы да ног, вочы раптам зацягнуліся нейкім шклопадобным туманам, і ўвесь твар адразу набыў выраз нябожчыка. Калені яго задрыжэлі, і ў прарэзе халата паказаліся жалкія, сухія ногі. Ён прашаптаў:

— Марыус!

— Яго толькі што прынеслі з барыкады, судар, — сказаў слуга.

— Ён памёр! — ускрыкнуў стары страшным голасам. — А, разбойнік!

І раптам выпрастаўшыся ва ўвесь свой вялікі рост, ён звярнуўся да доктара і запытаў:

— Перш за ўсё, доктар, скажыце мне проста: ці ён памёр ці не?

Доктар, ахоплены хваляваннем, маўчаў.

Пан Жыльнарман заламіў рукі і засмяяўся страшным смехам.

— Ён памёр, ён мёртвы! — крычаў ён. — Ён даў сябе забіць на барыкадах з нянавісці да мяне. Ён зрабіў гэта мне назло! А, кровепіўца! Дык вось як ён вяртаецца да мяне! Гора мне, ён мёртвы!

Ён падышоў да акна, расчыніў яго, нібы яму не хапала паветра, і гаварыў далей, утаропіўшыся вачыма ў начную цемру:

— Ранены, пасечаны, парэзаны на кавалкі! Такі нягоднік. Ён добра ведаў, што я чакаю яго цэлыя гады, і варта яму толькі вярнуцца, каб зрабіцца поўным уладаром у доме. Усе слухаліся-б цябе, і ты круціў-бы сваім старым дуралеем дзедам, як табе патрэбна. Усё гэта ты добра ведаў і знарок пайшоў на барыкады, каб цябе забілі. І ўсё гэта для таго толькі, каб насаліць мне. Вось гнуснасць! Ён памёр! Спіце пасля гэтага спакойна!

Доктар пачынаў непакоіцца за абодвух. Стары быў нібы звар’яцелы. Доктар падышоў і ўзяў яго за руку. Жыльнарман зірнуў на яго бяссэнсоўнымі вачыма і сказаў холадна:

— Дзякую вам, я спакойны. Я бачыў жахі ў сваім жыцці і прывык да іх. Але як прыкра бачыць, калі вам прыносяць у такім выглядзе вашых дзяцей! Ах, Марыус! Гэта нікуды не варта — памерці раней за мяне! Забіты на барыкадзе! Ах, разбойнік! Не думайце, доктар, што я злуюся на яго, неразумна злавацца на мёртвых. Але