Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/495

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што вуліца была такая вузкая, што карэта праехаць там не магла. Жавер і Жан Вальжан вышлі.

Жавер расплаціўся з рамізнікам і адпусціў яго, потым з Жанам Вальжанам пайшоў па вуліцы да дома № 7. Жан Вальжан пастукаўся, і дзверы адчыніліся.

— Ідзіце, — сказаў Жавер. — Я пачакаю вас тут.

Жан Вальжан зірнуў на свайго спадарожніка. Гэтага роду дзеянні зусім не былі падобны да Жавера, які аказваў яму цяпер высокамернае давер’е кошкі, што дае волю злоўленай мышы на адлегласці працягнутай лапы. Жан Вальжан увайшоў у дом і падняўся па лесніцы.

Узышоўшы наверх, ён спыніўся. Усе сумныя шляхі маюць астаноўкі. Акно на лесвіцы, якое выходзіла на вуліцу, было адчынена. Цьмянае святло вулічнага ліхтара асвятляла прыступкі. Жан Вальжан — ці для таго, каб удыхнуць свежае паветра, ці проста несвядома — высунуў галаву з акна. Ён зірнуў на вуліцу і аслупянеў ад здзіўлення: ля дзвярэй дома нікога больш не было. Жавер пайшоў.

XLVII

ДЗЕД

Марыус, як і раней, ляжаў нерухома распасцёрты на канапе, куды яго перанеслі з карэты. З’явіўся доктар. Цётка Жыльнарман мітусілася па пакоі ўзад і ўперад, ламаючы рукі і паўтараючы кожную хвіліну імя госпада.

Доктар аглядзеў рану, абмыў яе і, упэўніўшыся, што ўсе косці цэлы і сур’ёзных пашкоджанняў няма ніякіх, загадаў перакласці яго на ложак, галаву некалькі ніжэй за тулава, каб было вальней дыхаць.

У тую хвіліну, калі доктар выціраў лоб і ціхенька прыпадымаў пальцамі павекі Марыуса, дзверы суседняга пакоя адчыніліся, і на парозе з’явілася доўгая, бледная постаць.

Гэта быў дзед.

Мяцеж гэтыя два дні вельмі хваляваў і абураў пана Жыльнармана. Усю папярэднюю ноч ён не мог заснуць, і цэлы дзень яго трэсла ліхарадка. Увечары ён лёг спаць рана, загадаўшы добра заперці дом, і ад стомленасці крыху заснуў.

Сон старога вельмі чуткі. Колькі ні стараліся рабіць як мага менш шуму ў гасцінай, сумятня ўсё-такі разбудзіла яго. Здзіўлены паласою святла, якое прабілася праз шчыліну дзвярэй, ён устаў з пасцелі і ўвайшоў у зал.

Ён стаяў ля расчыненых дзвярэй, абапіраючыся на іх ручку, некалькі нахіліўшы наперад галаву, захутаны ў доўгі