Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/493

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вось іменна пра яго я і хацеў пагутарыць з вамі, — адказаў Жан Вальжан. Гук яго голасу нібы абудзіў Жавера. — Распараджайцеся мною, як хочаце, але перш дапамажыце мне адвезці яго на яго кватэру. Толькі аб адным гэтым прашу вас.

Твар Жавера сказіўся, як заўсёды, калі яго прасілі аб якой-небудзь уступцы, але ён, аднак, не сказаў „не“.

Ён зноў нагнуўся, намачыў насавую хустачку ў вадзе і выцер ёю акрываўлены лоб Марыуса.

— Гэты чалавек быў на барыкадах, — праказаў ён упоўголаса, нібы пра сябе. — Гэта той, якога звалі Марыусам.

І ён узяў руку юнака, адшукваючы пульс.

— Гэта ранены, — сказаў Жан Вальжан.

— Гэта мёртвы, — сказаў Жавер.

— Не яшчэ, — адказаў Жан Вальжан.

— Ці вы яго сюды прынеслі з барыкады? — запытаў Жавер.

Напэўна, ён быў чым-небудзь вельмі паглынуты, калі не запытаў нават, якім чынам адбылося выратаванне, і не заўважыў, што Жан Вальжан нічога не адказаў на яго пытанне.

Жан Вальжан, з свайго боку, быў нечым вельмі заклапочаны. Ён праказаў:

— Ён жыве ў Марэ, вуліца Філь дзю Кальвер, у сваяка... Не памятаю яго прозвішча.

І ён зноў выхапіў з кішэні Марыуса яго запісную кніжку, разгарнуў яе і падаў Жаверу.

Было яшчэ настолькі светла, што Жавер сваімі рысінымі вачыма мог прачытаць напісанае.

„Жыльнарман, — прачытаў ён, — вуліца Філь дзю Кальвер, нумар шэсць“.

Потым крыкнуў:

— Фурман!

Фіякр, які ўвесь час стаяў на наберажнай, праз хвіліну з’ехаў па спуску да ракі, і Жан Вальжан з дапамогаю Жавера перанёс Марыуса ў экіпаж. Жавер і Жан Вальжан селі поруч на лавачцы насупраць.

Унутры карэты панавала мёртвае маўчанне. Нерухомае, безжыццёвае цела Марыуса з раскінутымі рукамі, з галавою, апушчанаю на грудзі, чакала, здавалася, толькі труны. Жан Вальжан быў падобны да ценю. Жавер здаваўся каменнай статуяй. І ў гэтай карэце, поўнай цемры, нутро якой зрэдку азаралася мярцвяным святлом вулічных ліхтароў, нібы маланкай, выпадак злучыў, паставіў твар у твар тры страшныя нерухомасці: труп, здань і статую.