Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/492

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

але потым, нібы ўспомніўшы раптам свой абавязак, ён нахіліўся да Марыуса і, зачэрпнуўшы рукою крыху вады, ціха пырснуў яму некалькі кропель на твар. Павекі Марыуса не расплюшчваліся. Поўадкрыты рот, аднак, слаба дыхаў.

Жан Вальжан хацеў яшчэ раз набраць вады, як раптам адчуў, што хтосьці стаіць у яго за спіной. Мы ў адным месцы ўжо паказвалі на гэтае дзіўнае адчуванне.

Ён абярнуўся. Сапраўды, хтосьці стаяў недалёка ад яго.

Гэта быў чалавек высокага росту, апрануты ў зашпілены даверху сурдут, з кісцянём у руцэ. Ён быў падобны ў змроку да нейкай здані.

Жан Вальжан пазнаў Жавера.

Чытач здагадаўся, што праследвальнік Тэяард’е быў ні хто іншы, як Жавер. Выратаваўшыся так нечакана ад смерці раніцою гэтага-ж самага дня, ён адправіўся проста з барыкады да прэфекта паліцыі, расказаў яму ўсё, што з ім здарылася, і адразу-ж зноў прыступіў да выканання сваіх абавязкаў. У Елісейскіх палях ён заўважыў Тэнард’е і пачаў за ім сачыць. Астатняе вядома.

Жан Вальжан з адной пасткі трапіў у другую. Тэнард’е трэба было чым-небудзь адцягнуць увагу Жавера ад сябе, таму ён так паспешліва і з такою лёгкасцю выпусціў Жана Вальжана.

Жавер не пазнаў яго. Не выпускаючы сваёй зброі, а наадварот, мацней сціснуўшы яе ў руцэ, ён запытаў спакойным і адрывістым тонам:

— Хто вы такі?

— Гэта я.

— Хто?

— Жан Вальжан.

Жавер хутка нагнуўся да твара Жана Вальжана, паклаў абедзве рукі яму на плечы, угледзеўся і пазнаў яго. Твары іх амаль судакраналіся.

Позірк Жавера быў жахлівы.

Жан Вальжан аставаўся спакойны пад яго позіркам. Нарэшце, ён сказаў:

— Інспектар Жавер, я ў вашых руках. Апрача таго, з сёнешняй раніцы я гляджу на сябе, як на вашага палоннага. Я не для таго даў вам свой адрас, каб старацца ўцячы ад вас. Вазьміце мяне. Толькі дапамажыце мне зрабіць адну рэч.

Жавер, здавалася, нічога не чуў. Ён па-ранейшаму пільна глядзеў на Жана Вальжана. Нарэшце, ён выпрастаўся і, як у сне, хутчэй прамармытаў, чым праказаў:

— Што вы тут робіце, і што гэта за чалавек?

Ён увесь гэты час гаварыў Жану Вальжану „вы“.