Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— У такім выпадку, у нас будуць драўляныя прыборы.

Праз некалькі хвілін ён снедаў за тым самым сталом, дзе напярэдадні сядзеў Жан Вальжан. Епіскап Б'енвеню пры гэтым весела гаварыў сваёй сястры, якая ўвесь час маўчала, і старой служанцы, якая мармытала штосьці сабе пад нос, што зусім ніякай патрэбы няма ні ў лыжцы, ні ў відэльцы, хоць-бы нават і ў драўляных, каб пакрышыць кавалак хлеба ў чашку з малаком.

— Дык што за фантазія! — мармытала пані Маглуар, ходзячы туды і сюды па пакоі. — Пакінуць начаваць у сябе першага сустрэчнага і пакласці яго спаць пад бокам! Шчасце яшчэ, што ён толькі абакраў! Божа мой! Як падумаеш, дык проста кроў стыне.

У тую хвіліну, як сястра і брат уставалі з-за стала, ва ўваходныя дзверы пастукаліся:

— Заходзьце, — сказаў епіскап.

Дзверы адчыніліся. Дзіўная і дзікая група з'явілася на іх парозе. Тры чалавекі трымалі за каршэнь чацвертага. Трое былі жандармы, чацверты — Жан Вальжан.

Жандармскі брыгадзір, які, здавалася, быў галавой усёй гэтай групы, першы ўвайшоў у пакой. Ён наблізіўся да епіскапа, пакланіўся яму па-ваеннаму і сказаў:

— Ваша святасць...

Пры гэтых словах Жан Вальжан, які стаяў пануры з прыгнечаным выгледам, з глыбокім здзіўлёняем падняў галаву.

— Святасць, — прамармытаў ён. — Дык гэта не прыхадскі поп?

— Маўчы! — крыкнуў на яго жандар. — Гэта яго святасць, наш епіскап.

Між тым, епіскап Б'енвеню шпарка, наколькі дазвалялі яму яго гады, падышоў да Вальжана.

— Ах, вось вы нарэшце! — ускрыкнуў ён. — Як я рад вас бачыць! Што-ж вы, я-ж вам даў яшчэ срэбныя падсвечнікі, за якія таксама можна атрымаць франкаў дзвесце. Чаму-ж вы і іх не захапілі?

Жан Вальжан, шырока расплюшчыўшы вочы, накіраваў на паважанага епіскапа позірк, выраз якога не паддаецца апісанню.

— Як, ваша святасць, — ускрыкнуў брыгадзір, — дык гэты чалавек гаворыць праўду? Мы яго спаткалі. Ён ішоў з такім выгледам, быццам уцякаў. Мы яго арыштавалі і знайшлі пры ім гэтае срэбра...

— І ён вам сказаў, — перапыніў епіскап, смеючыся, — што атрымаў гэта ад аднаго старога папа, у якога начаваў.