Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/480

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Жан Вальжан перарэзаў апошнія путы Жавера і, выпрастаўшыся, сказаў:

— Вы вольны.

Жавера здзівіць было нялёгка. Тым не менш, як ён ні ўладаў сабою, а тут ён не мог утрымацца ад патрасення. Ён стаяў бязгучны і нерухомы. Жан Вальжан казаў далей:

— Не думаю, каб я вышаў адсюль жывы. Тым не менш, калі я ўцалею, то я жыву пад імем Фашлевана на вуліцы Ом Армэ, № 7.

Твар Жавера набыў выраз тыгра, і ён прамармытаў праз зубы:

— Сцеражыся!

— Ідзіце, — сказаў Жан Вальжан.

— Ты сказаў: Фашлеван, вуліца Ом Армэ? — запытаў Жавер.

— Нумар сёмы.

Жавер паўтарыў упоўголаса:

— Нумар сёмы.

Ён зашпіліў свой сурдут, выпрастаў грудзі і плечы, зрабіў поўабарот і накіраваўся да рынка. Жан Вальжан сачыў за ім вачыма. Зрабіўшы некалькі крокаў, Жавер вярнуўся і сказаў Жану Вальжану:

— Гэта нудна! Забіце мяне лепш.

Ён сам не заўважыў, што не гаварыў больш „ты“ Жану Вальжану.

— Убірайцеся! — ускрыкнуў Жан Вальжан.

Жавер пайшоў павольным крокам. Праз хвіліну ён знік за паваротам вуліцы.

Калі ён схаваўся, Жан Вальжан стрэліў у паветра. Потым вярнуўся на барыкаду і сказаў:

— Скончана!

Халодны жах працяў сэрца Марыуса.

Між тым, барыкада перажывала агонію.

Раптам барабанны бой апавясціў прыступ. Атака была падобна да ўрагана. Напапярэдні непрыяцель падкрадаўся ў цемры ціха, як змяя. Цяпер-жа, сярод белага дня, страшная маса арміі пры рэве пушак, гуках труб, з сапёрамі на чале проста рынулася на барыкаду.

Сцяна вытрымала націск.

Інсургенты адказвалі бесперапынным агнём, але прыступ быў да таго адчайны, што праз хвіліну ўся барыкада напоўнілася нападаючымі. Паўстанцы былі не менш разгневаны, і ў момант вуліца пакрылася грудай мёртвых цел.

Атакі паўтараліся адна за адной. Жах павялічваўся. Кроў лілася ручаямі. Гэта была не бітва, а жарло вогненай печы. Вусны дыхалі полымем, твары незвычайна змяніліся. Страшна