Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ХІ

ЕПІСКАП ПРАЦУЕ

На другі дзень раніцою, на ўсходзе сонца, яго прападоб'е епіскап Б'енвеню прагульваўся ў сваім садзе. Да яго, уся ўсхваляваная, выбегла пані Маглуар.

— Ваша святасць, ваша святасць! — крычала яна. — Ці не ведаеце вы, дзе кошык са срэбрам?

— Ведаю, — адказаў епіскап.

— Ну, дзякуй богу! — ускрыкнула яна. — Я не ведала, што і думаць.

Епіскап падышоў да клумбы, падняў кінуты пусты кошык і падаў пані Маглуар.

— Вось ён.

— Як, пусты!? — ускрыкнула служанка. — А дзе-ж срэбра?

— Ах, вось што вас цікавіць, — адказваў епіскап. — Не ведаю, дзе яно.

— Вялікі божа! Яго ўкралі! Гэта ваш учарашні госць сцягнуў яго!

У адно імгненне старая кінулася ў малельню і потым зноў вярнулася да свайго пана. Епіскап, уздыхаючы, нахіліўся над клумбай, разглядаючы нейкую кветку. Пры выкрыку служанкі ён падняў галаву.

— Ваша святасць, чалавек гэты ўцёк. Срэбра ўкрадзена!

Епіскап некалькі хвілін прамаўчаў, потым падняў свой сур'ёзны позірк, сказаў лагодна пані Маглуар:

— Перш за ўсё, — ці належыць гэта срэбра іменна нам?

Пані Маглуар стаяла ў неразуменні. Памаўчаўшы крыху зноў, епіскап казаў далей:

— Мяне даўно ўжо абцяжарвала гэтае срэбра. Яно належыць бедным. Хто быў гэты чалавек? Відавочна, бядняк.

— Божа мой! — адказала пані Маглуар. — Дык я-ж ні аб сабе, ні аб паненцы не турбуюся. Для нас гэта абсалютна ўсё роўна. Але для вас, ваша міласць? Чым вы будзеце есці цяпер?

Епіскап здзіўлена зірнуў на яе.

— А хіба няма алавяных лыжак?

— У алавянай пасудзе непрыемны пах, — адказала служанка, паціскаючы плячыма.

— Дык набудзем жалезныя.

— Жалеза дае ўсяму прысмак, — адказвала старая з грымасай.