Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/476

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яго салдат нацыянальнай гвардыі і задзірліва заспяваў песеньку:

Людзі гарадка Нантэра
Подлы па віне Вальтэра,
Яны дурні ў Палесо ―
Ў гэтым вінават Русо[1].

Потым ён падняў кошык, склаў у яго, не пакідаючы ніводнага, усе патроны, якія ўпалі на зямлю, і, падышоўшы яшчэ бліжэй да стралкоў, пачаў спустошваць другі патранташ. Там каля яго прасвісцела яшчэ чацвертая куля. Гаўрош спяваў далей:

Калі я і не Натэр[2],
Вінаваты зноў Вальтэр.
Я птушка невялічкая
Па міласці Русо!

Пятая куля нібы яшчэ больш падбухторыла яго на новы куплет:

А вясёлы характэр
Даў мне зноў-жа пан Вальтэр.
А бядноту маю ― о!
Завяшчаў мудрэц Русо!

Так цягнулася некалькі часу.

Відовішча было і жахлівае і захапляючае. Гаўрош, у якога стралялі, насміхаўся са стралкоў. Здавалася, што гэта было для яго нават вялікай прыемнасцю. Гэта быў верабей, які збіраўся задзяўбці паляўнічых. На кожны стрэл ён адказваў куплетам. Стралялі безупынна і ўвесь час давалі промахі. Салдаты нацыянальнай гвардыі і салдаты рэгулярнай пяхоты смяяліся, цэлячыся ў яго. Ён клаўся, потым уставаў, хаваўся за дзвярыма, потым выскокваў, знікаў, потым зноў паказваўся, адыходзіў і вяртаўся, злаваўся на карцеч і ў той жа час збіраў патроны, спустошваў патранташы і напаўняў свой кошык. Бунтаўшчыкі, задыхаючыся ад хвалявання, сачылі за ім вачыма. Барыкада дрыжэла ад жаху, а ён спяваў. Ён не быў падобны ні да дзіцяці, ні да дарослага чалавека ― ён здаваўся маленькім гномам. Ён то з’яўляўся, то знікаў, нібы неўражальны карлік. Кулі лёталі вакол яго, але ён аказваўся больш спрытны, чым яны. Ён нібы гуляў у хованкі з смерцю.

Аднак знайшлася куля, лепш накіраваная ці больш каварная, чым іншыя, ― яна-такі папала ў дзіця, якое нагад-

  1. Русо Жан Жак (1712 — 1778) — славуты французскі філосаф і натураліст.
  2. Натэр — натарыус, а таксама пісец.