Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/475

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дым засцілаў вуліцу, нібы туман. Каму даводзілася бачыць воблака, якое апусцілася ў цясніну паміж двух адвесных скал, той можа ўявіць сабе гэты дым, сціснуты і нібы згушчоны двума цёмнымі лініямі высокіх дамоў. Ён паволі ўзнімаўся, безупынна і ў той-жа час аднаўляючыся; дзякуючы гэтаму паступова павялічвалася цемра, якая паглынала нават дзённае святло. Таму і праціўнікі, што абаранялі процілеглыя канцы вуліцы, ледзь адрознівалі адзін аднаго, хоць адлегласць тут была і вельмі кароткая.

Гэтая цемра, напэўна пажаданая і нават прадбачаная начальнікамі, якія павінны былі кіраваць атакай барыкады, як нельга больш спрыяла і Гаўрошу.

Хаваючыся ў зморшчках гэтай заслоны, ён, дзякуючы свайму невялікаму росту мог прабрацца па вуліцы даволі далёка і, не будучы заўважаным і не падупадаючы асаблівай небяспецы, спустошыў першыя сем ці восем патранташаў.

Ён то поўзаў, то перасоўваўся на чацвярэньках, трымаючы кошык у зубах, згінаўся, коўзаўся і звіваўся, як змяя, прабіраючыся ад аднаго забітага да другога і спустошваючы лядункі і патранташы са спрытам малпы, якая грызе арэхі.

З барыкады, ад якой ён быў яшчэ даволі блізка, яму не адважваліся крычаць, каб ён вярнуўся, бо баяліся звярнуць на яго ўвагу.

На адным з трупаў, які аказаўся трупам капрала, ён знайшоў парахаўніцу.

— На выпадак, калі захочацца піць — сказаў ён, кладучы яе ў кішэню.

Пасоўваючыся наперад, ён дасягнуў, нарэшце, месца, дзе дымавая заслона была больш празрыстая, настолькі празрыстая, што лінія стралкоў рэгулярнай пяхоты, якая займала месца за лажаментам, складзеным з булыжніка, і стралкі гарадской нацыянальнай гвардыі, якія займалі рог вуліцы, раптам пачалі паказваць адзін аднаму на нейкі прадмет, што рухаўся ў дыме.

У той момант, калі Гаўрош забіраў патроны ў сержанта, які ляжаў каля тумбы, у труп ударыла куля.

— Гм! — праказаў Гаўрош. — Яны пачалі страляць у мёртвых.

Другая куля ўдарыла ў камень якраз каля яго. Трэцяя перакуліла яго кошык.

Гаўрош узняў вочы і ўбачыў, што ў яго страляюць нацыянальныя гвардзейцы.

Ён выпрастаўся ва ўвесь свой рост. Вецер кудлаціў яго валасы. Ён узяўся ў бокі, утаропіў вочы ў страляўшых у