Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/473

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кахаем, якія прымушаюць нас вар’яцець, гэта значыць робяць нас храбрымі. Калі кахаеш, як тыгр, то няма нічога дзіўнага, што і б’ешся, як леў. Усё наша геройства зыходзіць ад нашых жанчын. Мужчына без жанчыны — усёроўна, што пісталет без курка; жанчына прымушае мужчыну страляць. У Анжальраса няма жанчыны. Ён нікога не кахае, а, між тым, умее быць неўстрашымым. Гэта нешта нечуванае: як гэта можа быць адначасова і халодным, як лёд, і смелым, як агонь!

Анжальрас, здавалася, не чуў таго, што гаварылася па яго адрасу, але калі-б хто-небудзь стаяў блізка каля яго, то мог-бы пачуць, як ён прашаптаў упоўголаса: „Patria“[1].

Басюэт усё яшчэ насмешнічаў, калі Курфейрак раптам крыкнуў:

— Яшчэ! — І потым голасам вартавога, які дакладвае аб наведвальніках, дадаў: — Мяне завуць васьміфунтовая пушка.

І сапраўды, на сцэне з’явілася новая дзеючая асоба — другая артылерыйская гармата. Артылерысты хутка падцягнулі пушку і паставілі яе побач з першай.

Гэта абяцала блізкую развязку.

Праз некалькі хвілін абедзве пушкі адкрылі стральбу па барыкадзе; рэгулярная пяхота і нацыянальная гвардыя падтрымлівалі агнём са стрэльбаў артылерыю.

На некаторым аддаленні чуліся другія пушачныя стрэлы.

У той час, калі дзве пушкі грукацелі па вуліцы Шанврэры, дзве другія гарматы, з якіх адна стаяла на вуліцы Сен-Дэні, а другая на вуліцы Обры-ле-Бушэ, грамілі барыкаду Сен-Меры. Стрэлы з чатырох пушак пачуліся, як сумнае водгулле.

З двух пушак, якія грамілі барыкаду на вуліцы Шанврэры, адна страляла карцеччу, а другая ядрамі.

Пушка, што страляла ядрамі, была паднята крыху вышэй, і дыстанцыя была разлічана такім чынам, каб ядро біла ў крайнюю частку знадворнага рабра барыкады, збівала з яго верх і засыпала бунтаўшчыкоў, як карцеччу, дажджом каменных асколкаў.

Гэтым спосабам мелі на ўвазе прымусіць бунтаўшчыкоў адыйсці ад сцяны рэдута і прымусіць іх згрупавацца далей, унутры барыкады, а ўсё разам гэта азначала, што хутка пойдуць на прыступ.

Як толькі бунтаўшчыкі будуць адагнаны ядрамі ад барыкады, а карцеччу ад вокнаў шынка, атакуючым калонам можна будзе смела ўступіць на вуліцу, не баючыся служыць

  1. „Patria“ — лацінскае слова, якое азначае бацькаўшчына.