Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/472

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ударам. На тыя вуліцы, дзе былі хваляванні, накіравалі калоны войск, якія ачышчалі вуліцы ад дарослых і разганялі дзяцей, дзейнічаючы то паволі і асцярожна, то раптам кідаючыся ў атаку. Салдаты пранікалі ў дамы, з якіх у іх стралялі; у той-жа час атрады кавалерыі разганялі народ, які запруджваў бульвары. Усе гэтыя рэпрэсіўныя сродкі не маглі, вядома, не выклікаць у пэўнай меры наракання і шуму, што і чуў Анжальрас у прамежкі паміж пушачнай пальбой і перастрэлкай з вінтовак. Апрача таго, ён бачыў, як у канцы вуліцы праносілі на насілках раненых, і сказаў Курфейраку:

— Гэтых раненых нясуць не з нашага боку.

Але гэтая надзея цягнулася нядоўга і хутка знікла. Менш чым за поўгадзіны ўсё знікла бясследна, і паўстанцы адчувалі, што іх нібы прыдушыў цяжкі свінцовы дах, які абыякавасць народу накінула на пакінутых на волю лёсу непакорлівых і ўпартых.

Агульнае абурэнне, якое, здавалася, нібы пачынала прымаць пэўны характар, раптам замерла, і цяпер уся ўвага ваеннага міністра і стратэгія генералаў маглі сканцэнтравацца на тых трох ці чатырох барыкадах, якія не былі яшчэ знішчаны.

Сонца ўзнімалася над гарызонтам.

Адзін з рзволюцыянераў сказаў Анжальрасу:

— Тут хочуць есці. Няўжо мы і сапраўды павінны будзем памерці галодныя?

Анжальрас, які ўвесь час стаяў, прыхінуўшыся да амбразуры і накіраваўшы позірк на процілеглы канец вуліцы, сцвярджальна кіўнуў галавой. Курфейрак, седзячы на камні поруч з Анжальрасам, усё насміхаўся над пушкай, і кожны раз, калі з страшэнным шумам вылятала смертаноснае цёмнае воблака, якое называецца карцеччу, ён сустракаў пушку градам насмешак:

— Ты зусім запыхалася, бедная старая скацінка! Мне вельмі крыўдна за цябе! І чаго ты шуміш дарэмна? Гэта ніколькі не падобна да грому, а прост-на-прост да нейкага кашлю.

Вакол усе смяяліся.

Курфейрак і Басюэт, у якога бадзёры, вясёлы юмар узрастаў разам з небяспекай, замянялі яду і віно, якіх не было, вясёлымі жартамі.

— Я захапляюся Анжальрасам, — сказаў Басюэт. — Яго спакойная храбрасць мяне здзіўляе. Ён адзінокі, і таму, як відаць, ён такі сумны. Анжальрас скардзіцца, што такое жыццё прымушае яго весці высокае становішча. У нас, ва ўсіх астатніх, ёсць жанчыны, якіх мы больш ці менш