Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/471

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чым лік людзей і асобных байцоў на барыкадзе; яно пускае ў ход столькі арсеналаў, колькі барыкада мае лядунак з порахам.

Таму гэтая барацьба аднаго супроць ста канчаецца заўсёды паражэннем барыкады, калі магутная рэволюцыя не кіне на вагі лёсу свой палаючы меч. Так бывае. У хаосе пачуццяў і страсцей, якія абараняюць барыкаду, ёсць усё: азарт іграка і больш за ўсё надзеі, якія то ўспыхваюць, то знікаюць.

Адна з такіх хутка знікаючых успышак надзеі здарылася на барыкадзе на вуліцы Шанврэры, і прытым у такі час, калі гэтага менш за ўсё можна было чакаць.

— Слухайце! — ускрыкнуў раптам Анжальрас, які ўвесь час быў напагатове. — Здаецца, нібы Парыж прачынаецца!

На вуліцы Пуар’е, на вуліцы Травілье пачалі ўзнікаць барыкады. Перад Сен-Мартэнскімі варотамі малады чалавек, узброены карабінам, адзін напаў на цэлы эскадрон кавалерыі. Без ніякага прыкрыцця, сярод бульвара, ён стаў на адно калена, прыцэліўся, стрэліў і забіў эскадроннага камандзіра, праказаўшы: „Вось яшчэ адзін, які больш не зробіць нам зла“. Яго пасеклі шаблямі. На вуліцы Сен-Дэні жанчына, схаваўшыся за акяніцу, страляла ў муніцыпальных гвардзейцаў. Відаць было, як дрыжэлі пры кожным стрэле створкі акяніцы. Чагырнаццацігадовы хлопчык быў арыштаваны на вуліцы Касанеры: у яго знайшлі поўныя кішэні патронаў. На некалькі пастоў зроблены былі напады. Пры ўваходзе на вуліцу Бертэн-Пуарэ вельмі моцны і зусім нечаканы агонь спаткаў кірасірскі полк, на чале якога знаходзіўся генерал Кавен’як дэ-Барань. На вуліцы Планш-Мібрэ з дахаў кідалі ў войска чарапкамі пасуды і дамашнім начыннем, а гэта дрэнная прымета, і калі пра яе паведамілі маршалу Сульту, то стары паплечнік Напалеона задумаўся, прыпомніўшы словы Сюшэ[1], сказаныя ў Сарагосе: „Мы прапалі, калі старыя бабулі выліваюць нам на галаву свае гаршкі“.

Як вядома, раніцою 6 чэрвеня на працягу адной ці двух гадзін здавалася, што абурэнне нібы разрастаецца. Несціханнае гудзенае набатнага звону з Сен-Меры выклікала пэўнае хваляванне. Гэта вельмі непакоіла ваенных начальнікаў. Было вырашана як можна хутчэй патушыць гэты пажар, які пачынаўся ўсюды. Атаку барыкад Мо Лоэ, Шанврэры і Сен-Меры адклалі да таго часу, пакуль не будуць падаўлены дробныя ўспышкі, каб месь справу толькі з аднымі вялікімі барыкадамі і пакончыць потым усё адным

  1. Сюшэ (Луі Габрыель, 1770 — 1826) — маршал Францыі; служыў Напалеону і рэстаўрацыі.