Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/462

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

здаліся яму маючымі ўзаемную сувязь, і ён, паказваючы на Фашлевана, запытаў у Гаўроша:

— Ці ведаеш ты гэтага чалавека?

— Не, — адказаў Гаўрош.

Гаўрош і сапраўды, як мы ўжо казалі, бачыў Жана Вальжана толькі ўпоцемках і не мог разгледзець яго ў твар.

Няясныя і хваравітыя падазрэнні, што ўзніклі былі ў галаве Марыуса, рассеяліся. Ці ведаў ён што-небудзь аб палітычных пераконаннях Фашлевана? Хто ведае, можа Фашлеван — рэспубліканец. У апошнім выпадку ўдзел яго ў бітве тлумачыцца вельмі проста.

Між тым, Гаўрош ужо на другім канцы барыкады крычаў:

— Дзе мая стрэльба?

Курфейрак загадаў вярнуць яму стрэльбу.

Гаўрош паведаміў „таварышам“, як ён іх называў, што барыкада абкружана з усіх бакоў. Яму вельмі цяжка было прабрацца сюды. Пяхотны батальён, які саставіў стрэльбы ў козлы ў Птыт-Труандэры, пагражаў барыкадзе з боку вуліцы Лебедзя, з процілеглага боку муніцыпальная гвардыя занімала вуліцу Дамініканцаў, а проста супроць барыкады стаялі галоўныя сілы.

Даўшы гэтыя звесткі, Гаўрош задзірыста дадаў:

— Дазваляю вам як след пачаставаць іх.

Між тым, Анжальрас, стоячы ля сваёй амбразуры, сканцэнтраваў усю сваю ўвагу на тым, што рабілася наперадзе барыкады.

Салдаты, як відаць, не асабліва здаволеныя вынікамі стрэлу, не паўтаралі яго.

Рота пяхоты заняла канец вуліцы ззаду за пушкай. Салдаты разбурылі брук і склалі з камення якраз супроць барыкады маленькую, нізкую сценку, вышынёю ўсяго ў восемнадцаць дзюймаў. У левым кутку ззаду была відаць галава калоны батальёна гарадской акругі, якая займала вуліцу Сен-Дэні.

Анжальрасу, які схаваўся ў амбразуры, здалося, што ён чуе характэрны шум, які бывае, калі дастаюць з зарадных скрынак бляшанкі з карцеччу, а потым ён убачыў, як фейерверкер перавёў прыцэл і злёгку пахіліў дула пушкі ўлева. Потым артылерысты пачалі зараджаць пушку. Фейерверкер схапіў запальнік і сам паднёс да запала.

— Нахіліцеся, прытуліцеся да сцяны, — крыкнуў Анжальрас, — усе станавіцеся на калені ўздоўж барыкады!

Рэволюцыянеры, якія часткова групаваліся перад уваходам у шынок, часткова пакінулі свае месцы пры з’яўленні Гаўроша, шпарка кінуліся да барыкады, але раней, чым яны паспелі выканаць загад Анжальраса, грымнуў стрэл, супра-