Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лення, надзеі і міру. Ён нібы ззяў. На чале яго трапятаў нейкі нябачны прамень святла.

У гэтую хвіліну сонны епіскап здаваўся нібы акружаным арэолам. Месяц, заснуўшая прырода, нерухомы сад, цішыня дома, начны спакой і маўклівасць вадавалі штосьці урачыстае і невыказнае адпачынку гэтага чалавека і атулялі ззяннем гэтую сівізну, гэтыя заплюшчаныя вочы, гэты вобраз, поўны надзеі і давер'я, гэтую старыкоўскую галаву, спачываючую сном дзіцяці.

Жан Вальжан стаяў у цені, з жалезам у руцэ, нерухомы, выпрастаўшыся ва ўвесь рост, збянтэжаны перад гэтым ззяючым старцам. Ніколі не бачыў ён нічога падобнага. Гэтая даверлівасць пужала яго. Ніякае відовішча свету маралі не магло быць больш узрушваючым: змрочнае і ўстрывожанае сумленне, якое стаіць на парозе злачыннага дзеяння і сузірае сон праведніка.

Гэты сон у суседстве з такім чалавекам, якім быў ён меў у сабе штосьці незвычайнае, што ён няясна адчуваў і перад чым не мог не схіліцца.

Ніхто, нават ён сам, не мог-бы сказаць, што ў ім адбывалася. На яго твары нічога нельга было прачытаць. На ім было нейкае збянтэжанае здзіўленне. Ён толькі глядзеў на ўсе вочы, вось і ўсё. Пра што ён думаў, немагчыма было-б даведацца. Адно толькі было бясспрэчна: ён быў усхваляваны і ўстрывожаны. Але якога роду было гэтае хваляванне?

Ён не спускаў вачэй са старога. У яго позірку ясна чыталася нейкая дзіўная няўпэўненасць, нібы ён хістаўся паміж двума бяздоннямі: адным, якое вядзе да пагібелі, другім — да ратунку. Здавалася, што ён гатовы быў расчапіць гэты чэрап і цалаваць гэтую руку.

Праз хвіліну ён паволі падняў левую руку і зняў з галавы шапку. Потым таксама паволі апусціў яе. І Жан Вальжан зноў аддаўся сузіранню, трымаючы шапку ў адной руцэ і жалеза ў другой, з натапыранымі стрыжанымі валасамі на непакрытай галаве.

Епіскап, як і раней, спакойна спаў пад гэтым страшным позіркам.

Раптам Жан Вальжан зноў насунуў на лоб сваю шапку, шпарка падышоў да ўзгалоўя ложка і, не гледзячы на епіскапа, узяўся за дзверцы шафачкі. Ён адчыніў іх, і першае, што яму кінулася ў вочы, быў кошык з срэбрам. Ён схапіў кошык, прайшоў вялікімі крокамі праз пакой, не турбуючыся пра шум, якога ён гэтым нарабіў, вярнуўся ў малельню, адчыніў акно, пераступіў цераз падаконнік, пераклаў срэбра ў свой мяшок, кінуў кошык, перабег сад, пераскочыў, як тыгр, цераз сцяну і кінуўся бегчы.