Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/458

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бурылі брук супроць некалькіх дамоў. Дзякуючы гэтаму барыкада, агарожаная сцяною з трох бакоў — наперадзе ў яе была вуліца Шанврэры, налева вуліца Лебедзя і Птыт-Труандэры і направа завулак Мандэтур, — здавалася амаль недаступнай, хоць і абаронцы яе ў сваю чаргу аказаліся нібы замураванымі.

У яе было тры фронты, але затое з яе не было ніводнага выхаду.

— Наша крэпасць — нібы пастка, — заўважыў з смехам Курфейрак.

Анжальрас загадаў зваліць у кучу ля дзвярэй шынка штук трыццаць булыжных каменняў, „толькі дарэмна выцягнутых“, як заўважыў Басюэт.

З таго боку, адкуль павінна была пачацца атака, было да такой ступені ціха, што Анжальрас загадаў усім стаць на месца.

Усім раздалі па порцыі гарэлкі.

Цяжка ўявіць сабе што-небудзь цікавейшае за барыкаду, якая рыхтавалася да адбіцця прыступа. Кожны сам сабе выбіраў месца, нібы публіка, чакаючы відовішча. Адзін становіцца ля сцяны, другі ўзлакочваецца на выступ, трэці, наадварот, стараецца схавацца. Некаторыя робяць сабе нават сядзенні з булыжніку. Тут выдаўся рог сцяны, які замінае, і ад яго адыходзяць; тут, наадварот, выступ, які можа служыць абаронай, і за ім хаваюцца. Ляўшы асабліва каштоўны ў даным выпадку: яны займаюць месцы, нязручныя для іншых. Шмат хто прыстасоўваецца такім чынам, каб біцца седзячы. Яны хочуць, каб ім было зручна страляць: яны хочуць з камфортам нават паміраць. У ракавыя дні чэрвеньскай бітвы 1848 года адзін паўстанец, які страляў з надзвычайнай меткасцю з трасы, зробленай на даху дома, прыцягнуў туды з сабою вальтэраўскае крэсла, але карцечны стрэл дастаў яго і там.

Як толькі начальнік скамандаваў войскам рыхтавацца ў бой, хаджэнне па барыкадзе ў момант спынілася, ніхто ўжо не пераходзіў з аднаго месца на другое, гутарка таксама спынілася, рэволюцыянеры, якія гутарылі па-двое ці групамі, разышліся па сваіх месцах; усе сканцэнтравалі ўвагу на адным — на чаканні атакі. Пакуль яшчэ не надышла небяспека, на барыкадзе панаваў хаос, а ў хвіліну небяспекі — дысцыпліна. Сазнанне небяспекі ўстанаўляе парадак.

Як толькі Анжальрас узяў у рукі двухствольную вінтоўку і заняў месца каля чагосьці падобнага да амбразуры, якую ён сам для сябе і зрабіў, усе адразу змоўклі. Па ўсяму працягу барыкады пачуўся слабы шум, падобны да трэску — гэта зараджалі стрэльбы.