Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/457

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ных, якіх вядуць на шыбеніцу. Так падвялі яго да стала, і, паклаўшы на яго, моцна прывязалі яго да стала ўпоперак цела.

Для большай пэўнасці, яны — апрача прывязкі да стала, ужылі яшчэ спосаб звязвання з дапамогаю так званага двайнога рамня, які практыкуецца ў турмах: для гэтага яны абкруцілі вакол шыі вяроўку, а потым ад патыліцы працягнулі яе да жывата і, прапусціўшы спачатку канцы вяроўкі паміж ног, яшчэ раз звязалі яму рукі.

У той час, калі Жавера звязвалі, на парозе пакоя стаяў чалавек і пільна глядзеў на яго. Цень, што падаў ад гэтага чалавека, прымусіў Жавера павярнуць галаву.

Ён узняў вочы і пазнаў Жана Вальжана. Але ён нават не ўздрыгануўся, горда апусціў расніцы і спакойна праказаў: „Так і трэба было чакаць“.

XXXVIII

АТАКА

Дзень разгараўся хутка. Але нідзе яшчэ не адчынялі ніводнага акна, нідзе не адчынялі дзвярэй: гэта быў золак, але не абуджэнне. На рагу вуліцы Шанврэры супроць барыкады не было салдат, як мы ўжо гаварылі раней; яна здавалася вольнай і разгортвалася перад вачыма прахожых ва ўсім сваім злавесным спакоі.

Вуліца Сен-Дэні была нямая, як алея сфінксаў у старажытных Фівах[1]. На скрыжаванні, асветленым залацістымі ранішнімі праменнямі, не відаць было ніводнай жывой істоты. Нічога не можа быць больш сумнага як выгляд пустынных вуліц пры святле ранішняга золака.

Але калі нічога не было відаць, затое было чуваць. На недалёкай адлегласці быў нейкі таямнічы рух. Крытычны момант, відавочна, набліжаўся. Як і напярэдадні ўвечары, часавыя вярнуліся назад да сваіх таварышоў і на гэты раз ужо ўсе.

Барыкада здавалася цяпер мацнейшая, чым у час першай атакі. Пасля адыходу пецярых абраных яе зрабілі яшчэ вышэй.

Грунтуючыся на данясенні патруля, які вартаваў доступ з боку Рынка, Анжальрас, каб не быць схопленым з тыла, зрабіў вельмі важнае распараджэнне: ён загадаў загарадзіць да гэтага часу вольны завулак Мандэтур. Для гэтага раз-

  1. Сфінксы ў Фівах — у старажытным Егіпце сфінксы былі вобразамі невядомага бажаства, увасабляемага поўжанчынай, поўільвіцай. У сталіцы старажытнага Егіпта Фівах была цэлая алея, устаўленая гэтымі статуямі.