Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/456

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Між іншым, Фашлеван не гаварыў, не глядзеў на яго і нават быццам не чуў, як Марыус, узвысіўшы голас, сказаў: „Я ведаю яго“.

Што датычыць Марыуса, то такія паводзіны Фашлевана давалі яму палёгку, і, калі толькі можна ўжыць гэтае слова для абазначэння такіх ўражанняў, мы сказалі-б, нават падабаліся яму. Яму заўсёды здавалася немагчымым загаварыць з гэтым загадачным чалавекам, які ў адзін і той-жа час здаваўся яму і падазроным і вартым пашаны. Апрача таго, ён вельмі даўно не бачыў яго, а гэта для палахлівай і скрытнай натуры Марыуса толькі яшчэ павялічвала цяжкасці.

Пяцёра абраных ішлі з барыкады праз завулак Мандэтур; на выгляд яны нічым не адрозніваліся ад нацыянальных гвардзейцаў. Адзін з іх, адыходзячы, плакаў. Перад адыходам яны абдымаліся з тымі, хто аставаўся, развітваючыся з імі.

Калі гэтыя пяцёра вернутых да жыцця, нарэшце, пайшлі зусім, Анжальрас успомніў пра асуджанага на смерць. Ён накіраваўся ў ніжні зал. Прывязаны да слупа Жавер стаяў задумаўшыся.

— Можа табе трэба што-небудзь? — запытаў у яго Анжальрас.

Жавер адказаў:

— Калі вы мяне заб’еце?

— Пачакай. Нам цяпер вельмі патрэбны зарады.

— У такім выпадку дайце мне піць, — сказаў Жавер.

Анжальрас прынёс шклянку вады, а паколькі Жавер быў звязаны, ён дапамог яму напіцца.

— Больш нічога? — запытаў Анжальрас.

— Мне вельмі нязручна стаяць ля слупа, — адказаў Жавер. — Вы не асабліва далікатна зрабілі са мною, прымусіўшы мяне правесці ў гэтым стане ўсю ноч. Звяжыце мяне, як хочаце, але толькі пакладзіце мяне, калі ласка, на стол, як і таго, другога.

І рухам галавы ён паказаў на труп.

У глыбіні зала стаяў вялікі і даўгі стол, на якім адлівалі кулі і рабілі патроны. Але цяпер гэты стол стаяў зусім вольны, бо патроны былі зроблены і порах увесь страчаны.

Па загаду Анжальраса чацвёра рэволюцыянераў адвязалі Жавера ад слупа. Пакуль гэтыя чацвёра яго развязвалі, пяты трымаў ля яго грудзей штык. Звязаныя за спінай рукі яны так і пакінулі звязанымі, а ногі звязалі тонкай, але моцнай вяроўкай такім чынам, што ён мог рабіць невялікія крокі дзюймаў па пятнаццаць, падобна да асуджа-