Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/455

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сябры мае! Сучасны момант, той момант, калі я вам гавару, вельмі сумны і пахмуры, але мы купляем будучае. Рэзолюцыя ўносіць за яго выкуп. О, чалавечы род вызваліцца, разгорнецца і суцешыцца! І мы сцвярджаем, мы абяцаем гэта тут, на гэтай барыкадзе. Адкуль-жа пачуецца голас любові, калі не з вышыні самаафяравання? Таварышы і браты! Тут заключаецца саюз тых, хто ўмее думаць, з тымі, хто шмат пакутуе. Гэтая барыкада зроблена не з каменя, не з жалеза, не з дрэва. Дзве глыбы тут ператварыліся ў адну; адна глыба — гэта ідэі, а другая — гэта чалавечае гора. Роспач сустракаецца з ідэалам. Дзень зліваецца з ноччу і гаворыць ёй: я памру з табою, але ты зноў народзішся разам са мной. Калі знікне безнадзейнасць, то вера ў будучае пырсне іскрамі. Пакуты нясуць агонію, а ідэі — несмяротнасць. І гэтая агонія і гэтая несмяротнасць зараз змяшаюцца і стануць нашай смерцю. Таварышы, тыя, хто тут памрэ — памрэ ў праменнях будучага, і мы сойдзем у магілу, пранізаную святлом зары.

Анжальрас хутчэй перапыніў сваю прамову, чым змоўк: яго губы спакойна, бязгучна варушыліся, нібы ён гутарыў сам з сабою. Усе ўважліва глядзелі на яго, быццам стараючыся пачуць яшчэ яго голас. Не было апладысментаў, але шапталіся доўга. Словы былі падобны да подыху. Трапятанне жывой чалавечай думкі ў гэтым шэпце было падобна да ціхага шолаху лісця.

ХХХVІІ

ЗНОЎ ЖАВЕР

Паглядзім, аб чым думаў Марыус. Але перш за ўсё трэба прыпомніць, у якім стане духу ён знаходзіўся. Як мы ўжо гаварылі, ён нібы трызніў у яве. Ён смутна ўяўляў сабе тое, што рабілася перад ім. Над Марыусам, паўтараем яшчэ раз, адчуваўся нібы размах вялізных цёмных крылляў, распасцёртых над паміраючымі. Ён адчуваў сябе нібы ўжо пахаваным, і яму здавалася, што ён глядзіць з-за магілы і бачыць твары жывых вачыма мёртвага.

Якім чынам трапіў на барыкаду Фашлеван? Чаго ён прышоў сюды? Што іменна меў ён на ўвазе? Марыус нават не задаваў сабе такіх пытанняў. Апрача таго, наша роспач мае тую асаблівасць, што нам здаецца, нібы яна ахапіла і іншых таксама, як і нас, а таму ён знаходзіў зусім натуральным, што ўсе шукаюць смерці, і толькі аб Казеце ён успамінаў з жахам.