Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/454

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўлада чалавека над самім сабой. Гэтая вярхоўная ўлада завецца Свабодай. Там, дзе дзве або некалькі такіх улад уступяць у саюз, там пачынаецца дзяржава. Але ў гэтым вольным саюзе няма ніякага адрачэння. Кожная такая вярхоўная ўлада дабравольна ідзе насустрач сама сабе, каб стварыць грамадскае права, а сукупнасць уступак, зробленых кожным, стварае тое, што называецца Роўнасцю. Грамадскае права ёсць толькі апека, выпраменьваемая на права кожнага асобнага чалавека. Гэтая апека агульнага над прыватным называецца Брацтвам. Пункт перасячэння ўсіх гэтых асобных суверэнітэтаў, якія зыходзяцца разам, называецца Грамадствам. Гэты пункт перасячэння, становячыся злучэннем, ператвараецца ў вузел і называецца ўжо соцыяльнай сувяззю. Іншыя называюць гэта грамадскім дагаворам. Па сэнсу слоў гэта адно і тое-ж. Калі Свабода ёсць верхавіна, то Роўнасць ёсць аснова. Але згодзімся з тым, грамадзяне, што Роўнасць не стрыжэ ўсе расліны пад адзін узровень: у грамадстве законна існуюць вялізныя парасткі травы і, наадварот, маларослыя дубы. Натуральна ўроўнаважваюцца ў грамадскім асяроддзі ўсё з’явы суперніцтва, усе здольнасці маюць права на развіццё. Палітычна ўсе галасы маюць аднолькавую вагу. Роўнасць мае свой орган: бясплатнае і абавязковае навучанне. Права на пісьменнасць — з гэтага трэба пачаць. Першая ступень навучання павінна быць абавязкам кожнага, другая школьная ступень павінна быць для ўсіх адкрыта. Аднольканая школа дае грамадству роўных людзей. Так, навучанне! Асвета! Святло! Усё з яго выходзіць і ўсё да яго звяртаецца.

Грамадзяне, дзевятнаццаты век вялікі, але дваццаты будзе шчаслівы. У ім нішто не будзе нагадваць старадаўняй гісторыі. Не будзе чаго баяцца: знікне ўсё, чаго баіцца ваш час, — знікнуць заваёвы, напад, захопніцтва, суперніцтва ўзброеных нацый, грубае парушэнне цывілізацыі, залежнае ад няўдалага царскага шлюбу або ад нараджэння новага наследніка ў якой-небудзь дэспатыі, знікне дзяльба народаў на кангрэсах улады, расчляненні, якія бываюць з прычыны сканчэння якой-небудзь дынастыі, бітвы двух рэлігій, якія сшыбаюцца ілбамі, нібы бязглуздыя казлы; знікнуць голад, эксплаатацыя, прастытуцыя ад голаду, галеча ад беспрацоўя, шыбеніцы і пакаранні і ўсе віды разбою, якія адбываюцца ў глухім лесе сучаснай сапраўднасці. Гэтай сапраўднасці не будзе, людзі будуць шчаслівыя. Чалавечы род будзе выконваць свой закон таксама, як зямны шар падпарадкуецца свайму; гармонія запануе сярод душ, як сярод зорак: душа будзе імкнуцца да праўды, як планета да свяціла.