Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/449

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шчабеча, тараторыць, смяецца і якога так прыемна пацалаваць... А ці ведаеце вы, што яго чакае, калі яно астанецца сіратою? Я бачыў адно такое дзіця, зусім маленькае, вось такое ростам. Бацька яго памёр. Бедныя людзі з літасці ўзялі яго да сябе, але ў іх у саміх не было хлеба. Дзіця вечна галадала. Гэта было зімой. Яно не плакала. Яно ўсё блукала каля печы, у якой ніколі не бывала агню, а комін, як вы ведаеце, робіцца з жоўтай гліны. Дзіця адкалупвала сваімі слабымі пальчыкамі гэтую гліну і ела яе. Яно хрыпла дыхала, твар у яго быў сіняваты, ногі слабыя, жывот уздуты. Яно нічога не гаварыла. Спрабавалі з ім загаварваць, але яно не адказвала. Яно памерла. Яго аднеслі паміраць у прытулак Некера, дзе я яго бачыў. Я быў інтэрнам у гэтым прытулку. А цяпер, калі між вас ёсць бацькі, якія лічаць за шчасце выйсці пагуляць у нядзелю, трымаючы ў сваёй дужай руцэ ручку дзіцяці, няхай кожны з бацькоў уявіць сабе, што такая-ж доля чакае і яго дзіця. Я прыпамінаю яго, гэтую няшчасную маленькую мумію, і як зараз бачу яго на анатамічным стале з упалымі бакамі, абцягнутымі скурай, нібы ямы на могілках, парослыя травой. У яго ў страўніку знайшлі нейкі бруд. У роце ў яго быў попел. Парайцеся з сваім сумленнем і зрабіце так, як вам падкажа сэрца. Статыстыка даказвае, што з ста пакінутых дзяцей паміраюць пяцьдзесят пяць. Паўтараю яшчэ раз, што тут справа ідзе аб жонках, аб матках, аб маладых дзяўчатах і аб маленькіх дзецях. Хіба хто-небудзь гаворыць пра вас? Вас вельмі добра ведаюць для гэтага, ведаюць, што ўсе вы храбрыя! Тут няма аб чым гаварыць. Але вы не адзінокія. У вас ёсць другія істоты, аб якіх вы павінны падумаць. Не трэба быць эгаістамі.

Усе з сумнымі тварамі апусцілі галовы.

Як супярэчлівы рухі чалавечага сэрца нават у такія хвіліны!

Камбфер, які так красамоўна ўгаварваў сваіх таварышоў, сам не быў адзінокі. Ён ўспамінаў аб чужых матках і забываў пра сваю. Ён хацеў абавязкова памерці. Ён быў „эгаістам“.

Марыус, галодны, у ліхарадцы, дайшоўшы да такога стану, што страціў усякую надзею, тонучы ў горы, як у бяздонні, дарэшты змучаны перажытымі маральнымі пакутамі і прадчуваючы хуткі канец, усё больш і больш пагружаўся ў стан здрантвення, які заўсёды папярэднічае ракавой катастрофе, якую сам прадбачыш і насустрач якой ідзеш дабравольна.

Роспач таксама, між іншым, можа давесці да экстаза. Марыус знаходзіўся іменна ў такім стане. Ён нібы не пры-