Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/447

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што ў кожнага было на душы, з усіх вуснаў вырваўся аднадушны крык ухвалы:

— Вітаем смерць! Ляжам тут усе!

— Чаму-ж усе? — запытаў Анжальрас.

— Усе! Усе!

Анжальрас казаў далей:

— Становішча вельмі добрае, барыкада цудоўная. Трыццаці чалавек для абароны дастаткова. Навошта-ж ахвяроўваць сарака людзьмі?

Яму адказалі:

— Таму, што ніхто не захоча пайсці.

— Грамадзяне! — закрычаў Анжальрас, і голас яго гучаў амаль гнеўна. — Рэспубліка не так багата людзьмі, каб прыносіць бескарысныя ахвяры. Дробязная ганарлівасць раўняецца марнатраўству. Калі для некаторых з нас абавязак заключаецца ў тым, каб пайсці адсюль, абавязак гэты павінен быць выкананы імі, як і ўсякі іншы.

Анжальрас, чалавек прынцыпа, меў над сваімі аднадумцамі тую ўладу, крыніца якой — бязмежная сіла. Аднак, не гледзячы на яго ўсемагутнасць, пачаліся нараканні.

Як сапраўдны начальнік, Анжальрас, пачуўшы нараканне, выказаў настойлівасць. Ён вымавіў высокамерна:

— Няхай тыя, якія баяцца астацца ў ліку толькі трыццаці, заявяць аб гэтым.

Нараканні ўзмацніліся.

— Лёгка сказаць: ідзі, — заўважыў голас у адной з груп. — Барыкада абкружана.

— Але не з боку рынка, — сказаў Анжальрас. — Вуліца і завулак Мандэтур вольны, і па вуліцы Прапаведнікаў можна дабрацца да рынка Інасен.

— А там будзеш арыштаваны, — адказваў другі голас з групы. — Якраз наткнешся на які-небудзь лінейны полк або на падгародных гвардзейцаў. Яны ўбачаць, што ідзе чалавек у блузе і ў шапцы. „Адкуль ты, ці не з барыкады?“ І паглядзяць на рукі. „Ад цябе пахне порахам. Расстраляць!“

Анжальрас не адказаў, крануў за плячо Камбфера, і абодва ўвайшлі ў зал ніжняга паверха.

Праз некалькі часу яны вышлі адтуль.

Анжальрас трымаў у абодвух руках чатыры мундзіры, якія ён загадаў захаваць, а ўслед за ім Камбфер нёс амуніцыю і каскі.

— У гэтых мундзірах, — сказаў Анжальрас, — можна замяшацца ў рады і выйсці. Тут усё, што трэба для чацвярых.

І ён кінуў усе чатыры мундзіры на зямлю.

Сярод рэволюцыянераў ніхто нават не ўзварухнуўся. Тады пачаў гаварыць Камбфер.