Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Розум яго доўгі час змагаўся з якойсьці неадчэпнай ідэяй.

Прабіла тры гадзіны. Ён расплюшчыў вочы, адразу ўзняўся на пасцелі, выцягнуў наперад рукі, дастаў свой мяшок, які ляжаў на падлозе, потым звесіў ногі з ложка і, сам таго не ўсведамляючы, сеў.

Некалькі часу ён аставаўся нібы ў раздум'і, у позе, якая магла-б здацца злавеснай кожнаму, хто-б мог убачыць яго аднаго не спаўшым сярод заснуўшага дома. Раптам ён нахіліўся і здзеў з ног чаравікі, асцярожна паставіў іх ля ложка на цыноўку. Потым зноў прыняў ранейшую позу і застыў.

Сярод недарэчных размышленняў думка, пра якую мы ўспаміналі, не пакідала яго мазгоў, то з'яўлялася, то знікала, то гняла ўсе астатнія. У такім становішчы ён аставаўся-б, напэўна, да світання, калі-б раптам не пачуўся бой гадзінніка. Прабіў адзін удар — палова або чвэрць. Здавалася, нібы ён гаварыў: "Пара!"

Жан Вальжан устаў, пастаяў яшчэ хвіліну нерухома і прыслухаўся. У доме ўсё было ціха. Ён падышоў да акна. Ноч не была зусім цёмная. Поўны месяц, зацягнуты воблакамі, абліваў усё бялёсым святлом. Жан Вальжан аглядзеў акно. Яно выходзіла ў сад і запіралася толькі адной маленькай засаўкай. Ён расчыніў яго, але паколькі рэзкі холад напоўніў пакой, адразу-ж зноў зачыніў акно. Ён пачаў уважліва аглядаць сад. Вакол ішла невысокая сцяна, праз якую лёгка было пералезці, У глыбіні з-за сцяны відаць былі верхавіны іншых дрэў, што паказвала, што там быў ці другі сад, ці завулак, абсаджаны дрэвамі.

Пасля гэтага, ён узяў свой мяшок, выцягнуў адтуль нейкі прадмет і паклаў на ложак. Потым схаваў чаравікі ў кішэню, надзеў на спіну мяшок, а шапку глыбока насунуў на вочы; у адну руку ўзяў кій, а ў другую прадмет, што ляжаў на ложку, які аказаўся невялікім кавалкам жалеза з завостраным канцом.

Асцярожна ступаючы і стрымліваючы дыханне, ён накіраваўся ў суседні пакой, які быў, як вядома, спальняй епіскапа.

Падышоўшы да дзвярэй, ён убачыў, што яны напалову адчынены. Епіскап нават не зачыніў іх.

Жан Вальжан зноў прыслухаўся.

Цішыня.

Ён штурхануў дзверы, злёгку, канцом пальца, Яны падаліся ціха і бязгучна.

Ён пачакаў з секунду, а потым штурхануў іх смялей. Яны, таксама-ж ціха, адчыніліся шырэй. Цяпер ужо можна