Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/438

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цемры і невуцтва. „Сволач“ паўстае супроць „народу“, гезы[1] нападаюць на грамадскае права, ахлакратыя[2] паўстае на дэмас.

Вось адкуль гэтыя сумныя дні. Заўсёды ёсць значная доля праўды ў гэтым грамадскім шаленстве; ёсць штосьці падобнае да самагубства ў гэтай дуэлі чалавечых лагераў. А гэтыя абазначэнні, якія маюць мэтай абразіць: гезы, сволач, ахлакратыя, чэрнь... Увы! Яны канстатуюць толькі злачынствы тых, хто пануе, а не віну тых, хто пакутуе, хутчэй злачынствы прывілеяваных класаў, чым віну абяздоленых.

Што датычыцца мяне, то я ніколі не вымаўляю гэтых імёнаў іначай, як з пачуццём гора і павагі да іх, бо філосаф, паглыбляючыся ў з’явы, якія адпавядаюць гэтым назвам, бачыць побач з іх адвержанасцю таксама і іх веліч. Афінская рэспубліка была ахлакратыяй; гезы стварылі Галандыю; чэрнь была заўсёдашняй выратавальніцай Рыма. Няма мысліцеля, які не сузіраў-бы ў задуменнасці веліч чалавечага дна.

Цяпер, не трацячы з віду прадмета нашага апавядання, не робячы адступленняў, няхай будзе нам дазволена спыніць увагу чытача на двух барыкадах, выключных па значэнню, якое яны маюць для характарыстыкі гэтага паўстання.

Адна загароджвала ўваход у Сент-Антуанскае прадмесце, другая абараняла подступы да прадмесця Тампль. Хто бачыў пад’ёмы да яснага чэрвеньскага неба гэтых страшных шэдэўраў грамадзянскай вайны, той ніколі іх не забудзе.

Сент-Антуанская барыкада была страшэнна вялікая. Яна дасягала ў вышыню трох паверхаў і шырынёю раўнялася сямістам крокам. Яна перасякала з рога на рог шырокае вусце прыгарада, гэта значыць цэлыя тры вуліцы. Зрытая, скрамсаная, пятлістая, пасечаная, у вялізных дзірках, нібы ад таго, што яе прагрызлі гіганцкія зубы, з награмаджэннямі, ператворанымі ў бастыёны, выступаючы мысамі туды і сюды, магутна абапіраючыся на выступы вялікіх будынкаў, яна ўзвышалася цыклапічным збудаванчем у глыбіні гэтай страшнай плошчы, якая ўжо перажыла 14 ліпеня. Дзевятнаццаць барыкад спускаліся на вуліцах ззаду за гэтай галоўнай барыкадай. Даволі было зірнуць на яе, каб адчуць ступень агоніі пакут, якія шалёным тэмпам імкнуліся да катастрофы.

  1. Гезы — літаральна азначае „жабракі“; мянушка нідэрландскіх дваран, якія паўсталі супроць іспанскага зняволення Нідэрландаў у XVI веку.
  2. Ахлакратыя — грэчаскае слова, якое абазначае панаванне натоўпу. Гэтым словам грэчаскі гісторык Полібій назваў выраджэнне дэмакратыі (народаўладнасць).