Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/437

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Словы гэтыя асляпілі яго. Ён сядзеў некалькі хвілін, нібы падаўлены іх уражаннем. Ён глядзеў на запіску з нейкай незвычайнай радасцю. Перад ім адкрылася дзіўнае відовішча: смерць ненавіснай істоты.

Унутраная радасць яго была бязмежная. Такім чынам, усё скончана, Развязка з’явілася хутчэй, чым ён мог гэтага чакаць. Істота, якая зацямняла яго жыццё, знікла, адышла па ўласнай волі. Чалавек гэты паміраў, магчыма, нават памёр. Але тут, не гледзячы на хваляванне, ён рашыў, што не яшчэ, ён жывы ў гэтую хвіліну. Пісьмо, відавочна, было напісана, каб быць пераданым Казеце толькі заўтра раніцою. З адзінаццаці гадзін да паўночы ўсё было ціха, стрэлаў не чуваць, — значыць, цяпер не б’юцца. Барыкаду возьмуць, напэўна, на світанні. Ну, ды гэта ўсёроўна. Раз чалавек гэты замешаны ў гэтай вайне, ён усероўна загінуў. Жан Вальжан адчуваў сябе вызваленым. Цяпер ён зноў адзін з Казетай. Зноў шчаслівае жыццё наперадзе. Варта было яму толькі не паказаць гэтае пісьмо Казеце, і яна ніколі не даведалася-б, што сталася „з гэтым чалавекам“. Няхай будзе тое, што павінна адбыцца. Ён не можа ўнікнуць свайго лёсу. Калі ён яшчэ не памёр, то напэўна памрэ. Якое шчасце!

Вырашыўшы ўсё гэта пра сябе, Жан Вальжан спахмурнеў. Потым ён зышоў уніз і праз гадзіну ў поўным касцюме нацыянальнага гвардзейца вышаў з дома. Пры ім была зараджаная стрэльба і запас патронаў. Ён накіраваўся да Рынка.

ХХХV

ДЗВЕ БАРЫКАДЫ

Дзве самыя выдатныя барыкады з ліку тых, якія мог назіраць даследчык соцыяльных хвароб, не належаць да таго перыяда, які апісвае гэтая кніга. Гэтыя барыкады абедзве сімвалізуюць з розных пунктаў гледжання страшнае становішча грамадства ў той час, калі яны выраслі з-пад зямлі. Гэта было ў дні фатальнага чэрвеньскага паўстання 1848 года — года, які бачыў самыя грандыёзныя вулічныя баі, якія толькі бывалі ў гісторыі.

Часам бывае так, што „чэрнь“ кідаецца ў бітву з „народам“ насуперак прынцыпам, насуперак волі, роўнасці і брацтву, пагарджаючы ўсеагульнай падачай галасоў, паўстаючы супроць улады ўсіх, кідаючыся з пратэстам з безвыходнай глыбіні сваёй роспачы, сваёй безнадзейнасці, сваёй пакінутасці, сваіх хвароб, галечы, нястачы, сваёй жахлівай