Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/434

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён трымаў бювар у руках і глядзеў на яго з нейкай бяссэнснай радасцю, здаволены, што ўсё гэта яму здалося.

Раптам позірк яго зноў упаў на люстэрка, і вачам прадставілася тое-ж відзенне. На гэты раз гэта была ўжо не галюцынацыя. Паўтарэнне відзення ёсць ужо сапраўднасць. Ён усё зразумеў.

Жан Вальжан захістаўся, выраніў бювар і з панікшай галавой і шкляным позіркам апусціўся ў крэсла ля стала. Святло згасла для яго назаўсёды: Казета, відавочна, пісала гэта камусьці. Ён адчуў, што душу яго зноў атуліла цемрай.

І гэты чалавек, які перанёс усе нягоды, усе ўдары лёсу і не адступіў у барацьбе з ім, не мог перанесці гэтага апошняга, самага горкага і жорсткага ўдару — страты любімай істоты. Гора яго было бязмежнае.

Ён увесь затрапятаўся і абурыўся. У ім абудзіўся страшны эгаізм, і ўласнае „я“ абурылася ў глыбіні душы гэтага чалавека.

Ён усё прыпомніў. Ён пазнаў бяздонне, у якім апынуўся так нечакана. Гэта ён, той, якога ён бачыў тады ў садзе і які абудзіў яго першыя апасенні. Ён прыпомніў раптоўную бледнасць і ўспыхваючую таксама раптоўна чырвань на шчоках Казеты і ясна ўбачыў вобраз незнаёмага ў Люксембургскім садзе, гэтага абадранца, нягодніка, падлюгу, імя якога ён не ведаў. І ён, бясспрэчна, быў падлюга, таму што хіба можна пяшчотна глядзець на маладых дзяўчат, у якіх ёсць любячыя бацькі?

Упэўніўшыся, што гэта іменна той самы малады чалавек і што ён усяму прычына, Жан Вальжан, гэты перароджаны чалавек, які столькі працаваў над сваёй душой, прыклаў столькі намаганняў, каб усе знявагі і ўсе няшчасці ператварыць у любоў, паглядзеў у сваю душу і ўбачыў там страшную здань — нянавісць.

Вялікае гора суправаджаецца знесіленнем. Яно адбірае мужнасць. Чалавек адчувае, што нешта адышло ад яго. У маладосці гора жахліва; у старасці яно злавеснае. Увы! Калі кроў кіпіць яшчэ, калі валасы чорныя, калі галава яшчэ трымаецца проста, як полымя свечкі, калі сэрца яшчэ гатова любіць і б’ецца прагаю жыцця і шчасця, калі наперадзе яшчэ ўсё будучае, і тады роспач — страшная рэч. Якаво-ж — у старасці, калі гады нібы спяшаюцца адзін за адным, у той пахмуры момант змроку, калі пачынаеш адрозніваць ужо зоркі магілы?

У час яго размышленняў увайшла Тусен. Жан Вальжан устаў і запытаў:

— У якім гэта баку? Не ведаеце?

Тусен, азадачаная, магла толькі праказаць: