Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/427

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Плі! — скамандаваў Анжальрас.

Абодва залпы раздаліся адначасова, і ўсё знікла ў воблаках дыму. Сярод яго чуваць былі стогны і падзенне раненых і забітых.

Калі дым разышоўся, то ўбачылі, што праціўнікі, як і раней, стаяць на месцах і моўчкі заражаюць стрэльбы.

Раптам хтосьці закрычаў грамавым голасам:

— Прэч адсюль, або я ўзарву барыкаду!

Усе абярнуліся ў той бок, адкуль пачуўся голас.

Марыус з факелам у руцэ, з тварам, азароным рашучасцю і адвагай, грозна набліжаў полымя да разбітага бачонка з порахам, які ён выхапіў і паставіў на камнях.

— Прэч! — паўтарыў ён, — або я ўзарву барыкаду!

— І сябе разам з ёю, — адказваў адзін салдат.

— І сябе разам з ёю, — паўтарыў Марыус і наблізіў факел да пораху.

Але на барыкадзе ўжо нікога не было. Пакінуўшы раненых і забітых, гвардзейцы адступілі ў беспарадку і хутка зніклі ў цемры ночы. Гэта было агульнае бегства.

Барыкада была вызвалена.

Усе акружылі Марыуса. Курфейрак кінуўся яму на шыю.

— Нарэшце, вы тут! Якое шчасце! Без цябе мяне забілі-б, — гаварыў ён.

— І мяне таксама, — дадаў Гаўрош.

— Дзе начальнік? — запытаў Марыус.

— Начальнік — ты, — адказваў Анжальрас.

У галаве Марыуса быў цяпер нейкі віхор, які цягнуў яго кудысьці. Яму здавалася, што ён ужо не жывы, што ўсё тое, што ён бачыць, не што іншае, як страшэнны кашмар. Ён павінен быў рабіць надзвычайныя намаганні, каб памятаць, што ён існуе ў сапраўднасці.

Сярод туману, напаўняўшага яго мазгі, ён не пазнаў Жавера, які як і раней, стаяў прывязаны да слупа і моўчкі глядзеў на ўсё, што адбывалася.

Нападаючыя, між тым, не аднаўлялі дзеянняў. Інсургенты пачалі прыбіраць трупы і перавязваць раны. Потым зрабілі пераклічку. Аказалася, што нехапала Жана Прувера, усімі любімага таварыша. Пачалі аглядаць забітых і раненых. Але яго не знайшлі паміж іх. Усе ў глыбокім горы рашылі, што ён узяты ў палон. Тады вырашана было ўступіць у перагаворы і, паколькі ў іх руках быў таксама непрыяцельскі палонны ў асобе Жавера, то абмяняць яго на Жана Прувера.

Раптам з вуліцы данёсся злавесны звон зброі, і гучны знаёмы ўсім голас пракрычаў:

— Няхай жыве Францыя! Няхай жыве будучае!