Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/426

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ліўся. Кулі праніклі за перагародку і ранілі і забілі некалькі чалавек.

Дзеянне гэтага першага залпа было страшэннае. Атака была жорсткая: відавочна, мелі справу з цэлым палком. Самыя смелыя задумаліся. Сярод абкружаных узняўся перапалох. Выгляд забітых таварышоў, аднак, прымусіў іх забыць небяспечнае становішча, у якім яны знаходзіліся, і, колькі магчыма, адпомсціць непрыяцелю.

Раптам Гаўрош заўважыў, што да барыкады асцярожна падкрадаліся ўзброеныя людзі.

— Сцеражыцеся! — закрычаў ён.

Усе аглянуліся і ўбачылі цэлы лес штыкоў, якія калыхаліся над сцяной. Салдаты адзін за адным узбіраліся па наваленым каменні і бочках і, як паводка, напоўнілі сабою ўсю прастору. Яшчэ хвіліна, і ўсё будзе скончана.

Адзін з маладых людзей стрэліў ва ўпор у першага салдата і забіў яго напавал, але ў сваю чаргу быў праткнуты штыком другога. Трэці паваліў ужо Курфейрака, які крычаў: „Сюды, да мяне!“ Чацверты, самы высокі, наступаў на Гаўроша з штыком наперавес. Хлопчык схапіў стрэльбу Жавера, прыцэліўся і спусціў курок, але стрэльба не стрэліла; яна была не зараджана. Салдат рассмяяўся і падняў ужо штык над хлопчыкам.

Але ў гэтую хвіліну зброя выпала з рук салдата.

Нейчая куля трапіла яму проста ў лоб, і ён паваліўся ніцма. Другая папала ў грудзі нападаўшага на Курфейрака...

Гэта Марыус узыходзіў на барыкаду.

Марыус, які ўвесь час у нерашучасці стаяў на рагу вуліцы, убачыў, што смерць пагражае яго прыяцелям, кінуўся ім на дапамогу з пісталетамі ў руках. Першым стрэлам ён выратаваў Гаўроша, другім — Курфейрака.

Салдаты, аднак, усё яшчэ карабкаліся на барыкаду. У Марыуса не было больш зброі; але, убегшы ў зал, ён убачыў каля дзвярэй бачонак з порахам.

Калі ён абярнуўся, то ўбачыў накіраваную на яго стрэльбу. Раптам нейчая рука засланіла дула стрэльбы. Пачуўся стрэл і прабіў руку, а мабыць, і грудзі таго, хто засланіў стрэльбу, таму што чалавек паваліўся. Гэта быў юнак у падранай куртцы і ў плісавых штанах. Марыус, такім чынам, быў выратаваны, але амаль не звярнуў увагі на гэтую падзею.

Перастрэлка з абодвух бакоў не спынялася. Абодва бакі непрыяцеляў былі так блізкі адзін да аднаго, што маглі-б перагаварвацца, не ўзвышаючы голасу. Афіцэр з значком і ў густых эпалетах выхапіў шаблю і сказаў:

— Здавайцеся!