Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/420

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ў дамах. Чым усё гэта скончыцца?“ — думалі ўстрывожаныя абываталі. З хвіліны на хвіліну, па меры таго як спускалася ноч, Парыж усё больш і больш азараўся грозным зарывам выбухнуўшага паўстання.

ХXXIІІ

ЗНОЎ ГАЎРОШ

Бура пачалася. Натоўп рассеяўся па ўсіх кірунках з крыкамі: „Да зброі, да зброі!“ Гнеў раздувае мяцеж, як вецер раздувае полымя. Усё адразу ўспалыхнула ва ўсіх месцах. Вокны дамоў і крам мігам заперліся, і не прайшло і чвэрці гадзіны, як увесь горад напоўніўся жахам і сполахам. Усе кінуліся ўцякаць: адны з ваяўнічымі крыкамі, другія з выразам незвычайнага жаху на тварах. У гэтую хвіліну нейкі абадраны хлопчык падбег да крамы стар’еўшчыцы, убачыў пісталет і, схапіўшы яго, пабег у той бок, дзе чуліся крыкі мецяжу. Гэта быў маленькі Гаўрош, які адпраўляўся ў паход разам з іншымі.

Дарэчы, ён і не падазраваў, што ў тую цёмную дажджыстую ноч, калі ён даў прытулак двум малышам у сваім слане, яму давялося разыграць ролю збавіцеля сваіх уласных братоў. Увечары ён аказаў дапамогу сваім братам, а раніцою — бацьку. Усё гэта было зроблена ім на працягу адной ночы. Пакінуўшы на світанні вуліцу Бале, ён паспешліва вярнуўся да слана, выцягнуў з яго абодвух малышоў, падзяліў з імі снеданне, якое недзе дастаў, потым пайшоў ад іх, даручыўшы іх той добрай маці — вуліцы, якая амаль выхавала яго самога. Адыходзячы ад хлапчукоў, ён назначыў ім увечары спатканне на тым самым месцы, дзе знаходзіўся з імі ў гэтую хвіліну, і сказаў на развітанні: „Я разбіваю палку, гэта значыць бяру ногі ў зубы, або, як яшчэ кажуць, уляпётваю. Калі вы, карапузікі, не знойдзеце сёння татку з мамкай, то прыходзьце зноў сюды ўвечары. Я накармлю вас вячэрай і пакладу спаць“. Хлопчыкі, падабраныя, напэўна, гарадскім сержантам і адведзеныя ва ўчастак або ўкрадзеныя якім-небудзь балаганным фокуснікам, а то прост-на-прост зблудзіўшыя ў вялізным парыжскім лабірынце, увечары не вярнуліся назад.

Гаўрош так і не бачыў больш малышоў. З гэтай начы прайшло ўжо некалькі месяцаў, на працягу якіх Гаўрош, пачухваючы патыліцу, не раз гаварыў сабе: „Куды-ж гэта падзеліся мае хлопчыкі?“

На рынку Сен-Жан Гаўрош далучыўся да натоўпу, якім кіравалі Анжальрас і Курфейрак з іншымі прыяцелямі Ма-