Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/418

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

са стрэльбаў, абываталь гаворыць: „Вунь як там слаўна смаляць!“ Праз хвіліну, калі паўстаўшыя набліжаюцца і бяруць верх, абываталь паспешліва запірае сваю краму і напяльвае мундзір, гэта значыць гарантуе бяспеку свайму тавару, рыскуючы сам сваёй асобай.

Перастрэльваюцца ў якім-небудзь пасажы, у тупіку, на скрыжаванні вуліц, бяруць, саступаюць і зноў бяруць барыкады; льецца кроў, дамы прарашэчваюцца кулямі, якія па шляху забіваюць людзей на пасцелях, трупы пакрываюць брук, а з навакольных вуліц даносіцца грук більярдных шароў у кафейнях. Тэатры адкрыты, і ў іх разыгрываюцца вадэвілі. Зевакі смяюцца і балакаюць за два крокі ад вуліц, дзе пануюць жахі вайны. Фіякры спакойна цыркулююць. Прахожыя ідуць абедаць у горад. Часам такая абыякавасць назіраецца нават у тых самых кварталах, дзе адбываецца мяцеж. У 1831 годзе пальба са стрэльбаў на некаторы час нават спынілася, каб прапусціць вясельны поезд.

У час паўстання 12 мая 1839 года нейкі стары калека вазіў па вуліцы Сен-Мартэн ручную цялежку, над якою развяваўся кавалак чырвонай тканіны; у цялежцы знаходзіліся бутэлькі з напіткамі. Ён пераходзіў ад барыкад да войск і ад войск да барыкад, дагодліва прапануючы шклянкі сваіх напіткаў то прадстаўнікам урада, то паўстанцам.

Што можа быць больш дзіўна? Гэта своеасаблівасць парыжскай рэволюцыі: гэтага не спаткаеш у іншых сталіцах. Неабходны дзве рысы: іспалінскія размеры Парыжа і яго весялосць — горад Вальтэра[1] і Напалеона.

Аднак, на гэты раз, у час узброенай барацьбы 5 чэрвеня 1832 года, вялікі горад адчуваў нешта такое, што, мабыць, аказвалася мацней за яго. Ён спалохаўся. Усюды, нават у найбольш далёкіх і менш за ўсё „зацікаўленых“ кварталах, вокны і акяніцы наглуха запіраліся сярод белага дня. Людзі мужна ўзбройваліся, палахліўцы хаваліся. Зніклі ўсе прахожыя, бесклапотныя і заклапочаныя. Шмат вуліц былі пустыя, як яны бываюць пустыя раннім ранкам. Распаўсюджваліся трывожныя чуткі, перадаваліся рашаючыя навіны, накшталт наступных: "Яны заўладалі банкам; у адным толькі манастыры Сен-Меры іх засела і ўмацавалася ў царкве шэсцьсот чалавек. Войскі ненадзейныя. Арман Карэль[2] быў у маршала Клазеля, які сказаў яму: „Спачатку заручыся палком“. Лафайет хворы, аднак, сказаў ім: „Я ваш. Я ўсюды буду ісці за вамі, дзе толькі зной-

  1. Вальтэр (1694 — 1778) — псеўдонім геніяльнага французскага пісьменніка Аруэ.
  2. Карэль (Арман) — ліберальны буржуа, дзеяч рэволюцыі 1830 г.