Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/410

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каючы міма сябе працэсію, нібы рабіў агляд праходзіўшым перад ім натоўпам. На бакавых алеях бульвараў, на дрэвах, на балконах, на вокнах, на дахах дамоў, — словам, усюды кіпела мора мужчынскіх, жаночых і дзіцячых галоў; позіркі ўсіх былі поўныя непакою і жаху. Натоўп узброены рухаўся, няўзброены глядзеў.

Урад, з свайго боку, назіраў і, назіраючы, трымаў напагатове меч. На плошчы Людовіка ХV можна было бачыць зусім гатовыя да выступлення, з зараджанымі мушкетамі і стрэльбамі і з поўнымі патранташамі, чатыры эскадроны карабінераў вярхом і з трубачамі наперадзе. У Лацінскім квартале і ў батанічным садзе стаяла муніцыпальная варта, расстаўленая атрадамі на сумежных вуліцах. На Вінным рынку знаходзіўся эскадрон драгунаў, на Грэўскай плошчы — палова 12 палка лёгкай кавалерыі, ля Бастыліі — другая палова таго самага палка, ля Цэлестынцаў быў размешчаны 5 драгунскі полк, Луўрскі двор быў напоўнены артылерыяй. Астатнія войскі аставаліся ў казармах да першага загаду. Апрача таго, былі войскі і ў ваколіцах Парыжа. Устрывожаная ўлада, бачачы грозны натоўп, трымала напагатове дваццаць чатыры тысячы чалавек войска ў горадзе і трыццаць тысяч у ваколіцах.

У працэсіі цыркулявалі розныя чуткі. Ішлі пагалоскі аб інтрыгах легітымістаў, аб герцагу Рэйхштацкім, які памёр якраз у тую хвіліну, калі натоўп прызначыў яго на імператарскі трон. Нейкая асоба, якая аставалася невядомай, паведаміла натоўпу, што ва ўмоўленую гадзіну два падкупленыя падмайстры адчыняць ёй дзверы завода зброі. На тварах большасці пераважаў выраз захопленасці з прымессю засмучонасці. Разам з тым у гэтым натоўпе, усхваляваным такімі моцнымі, але благароднымі пачуццямі, былі відаць твары зладзеяў, у агідных рысах якіх так і было напісана: „Будзем грабіць!“ Ёсць рухі, якія каламуцяць самае дно балот і выкідаюць на паверхню хмары гніллёвых асадкаў.

Працэсія паволі рухалася ад дома нябожчыка па бульварах да Бастыліі. Ад часу да часу праходзіў дождж, але гэта не абескуражвала натоўп. Адбылося некалькі інцыдэнтаў: абнеслі труну вакол Вандомскай калоны, кідалі каменне ў герцага Фіц-Джэмса, які з’явіўся на балконе з пакрытаю галавою, з аднаго з народных сцягаў сарвалі гальскага пеўня і ўтапталі яго ў гразь, ранілі ўдарам шаблі паліцэйскага ля варот Сен-Мартэн. Адзін афіцэр 12 палка лёгкай кавалерыі закрычаў: „Я за рэспубліку!“ Калі прышлі студэнты Палітэхнічнай школы, якіх улада не дапушчала на дэманстрацыю, раптоўна пачуліся крыкі: „Няхай жыве