Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/409

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„Ды вось няма зброі; іду на лясны склад па цыркуль“. — „На што ён табе?“ — „Не ведаю яшчэ“, — адказаў Ламб’е. Чалавек па прозвішчу Жакелен падыходзіў да праходзячых рабочых з словамі: „Ідзі-тка і ты!“ Ён разліваў віно на 10 су і запытваў: „Работа ёсць?“ — „Не!“ — „Ідзі да Фісп’ера паміж Шарокскай і Мантрэйльскай заставамі; там табе будзе работа“. У Фісп’ера знойдзены былі патроны і стрэльбы. Правадыры, нібы паштальёны, разносілі заклікі сваім прыхільнікам. У Бартэлемо, каля Троннай заставы, у Капелі у Пты-Шапо наведвальнікі, сур’ёзна гледзячы, гаварылі: „Дзе твой пісталет?“ — „Пад блузай, за пазухай“. — „А твой?“ — „Пад кашуляй“.

На вуліцы Трыверс’ер, перад майстэрняй Ралана і на дварэ „Мезон Бруле“ перад майстэрняй Берн’е тоўпіўся, перашэптваючыся, народ. Сярод натоўпу кідаўся ў вочы сваёй палкасцю Маво, рабочы, які нідзе не служыў больш як тыдзень: гаспадары адмаўлялі яму, „таму што яго не перагаворыш у гутарцы“. Маво быў забіты на другі дзень на барыкадзе на вуліцы Меніль Мантан. Прэто, якому выпала тая-ж доля, падтрымліваў Маво, і на пытанне: „Якая твая мэта?“ — адказваў: „Рэволюцыя“.

Рабочыя, сабраўшыся на рагу вуліцы Берсі, чакалі Лемарэна, рэволюцыянера, упаўнаважанага прадмесця Сен-Марс. Паролямі абменьваліся амаль ва ўсіх перад вачыма.

І вось 5 чэрвеня, пазменна — то пры дажджыстым, то пры сонечным надвор’і, пахавальная працэсія генерала Ламарка прайшла па Парыжу са звычайнай ваеннай урачыстасцю, узмоцненаю пэўнымі перасцярогамі. За труною ішлі два батальёны з зацягнутымі чорным крэпам барабанамі і апушчанымі ўніз стрэльбамі, за імі рухалася дзесяць тысяч чалавек нацыянальнай гвардыі з шаблямі на баку, ішлі батарэі той-жа гвардыі. Катафалк везлі маладыя людзі. Непасрэдна за катафалкам ішлі афіцэры з Дома інвалідаў, несучы лаўровыя галіны. Працэсія суправаджалася незлічонымі пярэстымі, усхваляванымі натоўпамі народу, у ліку якіх знаходзіліся члены таварыства „Прыяцеляў народу“, выхаванцы школ прававедання, медыцынскіх і іншых навучальных устаноў, выхадцы ўсіх нацый і шмат іншых. Відаць былі сцягі іспанскія, італьянскія, нямецкія, польскія і самыя рознастайныя сцягі. Тут былі дзеці, абвітыя зялёнымі галінамі, каменецёсы і плотнікі, друкары, якія выдзяляліся сваімі папяровымі калпакамі. Ішлі па-двое, па-трое, крычалі, размахвалі — хто кіямі, хто і шаблямі, ішлі бязладнаю масаю, але тым не менш аднадушна, ішлі то калонамі, то ў перамешку, як папала. Асобныя групы выбіралі сабе важакоў. Нейкі чалавек, узброены парай пісталетаў, прапус-