Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/408

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бульвара невялікі пакет. У пакеце аказаліся пракламацыі, якія пачыналіся словамі: „Рабочыя, злучайцеся!“, і скрынка з патронамі.

Разлічвалі на ўдзел у паўстанні некалькіх палкоў. Такім было становішча спраў.

Вясною 1832 года Парыж кіпеў і быў гатовы да рэволюцыйнага выбуху, хоць тры месяцы бесперапынна халера ледзяніла розумы і накінула на іх хваляванне цёмнае пакрыццё спакою. Вялікі горад, як мы ўжо гаварылі, у гэты час быў падобны да зараджанай пушкі, для якой бывае даволі адной іскры, каб яна стрэліла. Гэтай іскрай для Парыжа аказалася смерць генерала Ламарка ў чэрвені 1832 года.

Генерал Ламарк быў чалавекам дзеяння і славы. Паслядоўна пры імперыі і пры рэстаўрацыі ён выявіў адпаведную кожнай з гэтых двух эпох падвойную мужнасць: мужнасць на полі бітвы і мужнасць на трыбуне. Ён быў таксама красамоўны пры рэстаўрацыі, як быў храбры пры імперыі; у яго слове адчуваўся меч. Як і яго папярэднік Фуа, ён высока трымаў сцяг свабоды, як калісьці ваенны свой сцяг. Ён засядаў у палаце паміж левай і крайняй левай. Ён быў любімы народам за тое, што пайшоў на сустрач будучаму, ён быў любімы натоўпам за тое, што добрасумленна служыў імператару. Трактаты 1815 года абуралі яго, як асабовая абраза. Ён ненавідзеў Велінгтона адкрытай нянавісцю, якая падабалася натоўпу, і на працягу семнаццаці год, амаль не звяртаючы ўвагі на прамежныя падзеі, велічна захоўваў у сабе смутак аб Ватэрлоа. У свой апошні час, на смяротным ложы, ён прыціскаў да грудзей шпагу, падораную яму афіцэрамі Ста дзён. Напалеон памёр з словам „армія“, а Ламарк — з словам „бацькаўшчына“. Смерць Ламарка, загадзя прадбачаная, пужала народ як страта, а ўрад — як магчымы повад да смуты. Гэтая смерць была горам. Як усё, што горка, гора можа ператварыцца ў абурэнне.

Так і здарылася.

Яшчэ напярэдадні, раніцой 5 чэрвеня — дзень, назначаны для пахавання Ламарка, — Сент-Антуанскае прадмесце, дзе павінна была прайсці пахавальная працэсія, набыло ўстрашальны выгляд. Густа населеная сець вуліц гэтага прадмесця напоўнілася нейкім дзіўным шумам.

Усе ўзбройваліся, хто як мог. Сталяры захапілі стальныя грэбні варштатаў, „каб прабіваць дзверы“. Адзін нават змайстраваў сабе кінжал з кастыля, зламаўшы канец і навастрыўшы абломак. Другі, з нецярпеннем чакаючы „атакі“, спаў, не распранаючыся запар тры ночы. Плотнік па імю Ламб’е спаткаў таварыша, які ў яго запытаў: „Куды ідзеш?“ —