Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/406

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жывое лісце падзей, якое адпадае пад вятрамі часу і ўносіцца далеччу гісторыі.

Названая эпоха, „эпоха мецяжоў“, багата дэталямі гэтага роду. Судовыя працэсы ўжо па іншых падставах, чым гісторыя, пакідаюць у цені гэгыя падрабязнасці: яны іх не высвятляюць і не бяруць іх ва ўсёй глыбіні. А мы хацелі-б вывесці на свет з груды прыватнасцей, вядомых і апублікаваных, рэчы, якія яшчэ зусім невядомы па забыццю адных і з прычыны смерці другіх. Большая частка артыстаў, якія разыгрывалі гэтыя іспалінскія сцэны, знікла з твару зямлі. Да ўчарашняга дня яны маўчалі. Яны загаварылі нашымі вуснамі, бо тое, што расказваем (мы можам сказаць праўду!) мы бачылі сваімі вачыма. Мы змянілі толькі імёны, бо гісторыя апавядае, а не піша данос, але мы намалявалі шчырую праўду.

Ва ўмовах, якія дыктуюцца характарам гэтай кнігі, мы маем магчымасць намаляваць толькі адзін бок толькі аднаго эпізода, найменш вядомыя падрабязнасці дзён 5 і 6 чэрвеня 1832 года, але мы робім гэта так, што чытач пранікае позіркам за цёмную заслону падзей і бачыць зусім рэальныя фігуры гэтых страшэнных падзей.

ХXXІІ

БАРЫКАДЫ

Што-ж адбывалася ў гэты час у Парыжы? На якую барыкаду клікалі Марыуса яго прыяцелі.

Усяго дваццаць месяцаў мінула з ліпеньскай рэволюцыі 1830 года, а ў 1832 годзе атмасфера ў Францыі была пагражаючая. Народная галеча, рабочыя без хлеба, палітычныя і соцыяльныя недугі, якія выявіліся ў абодвух сталіцах Францыі — у сталіцы думкі і ў сталіцы працы. У Парыжы — міжусобная вайна, у Ліёне — паўстанне пролетарыята. У абодвух гарадах — зарыва аднаго пажару.

Мысліцелі размышлялі ў той час, як глеба, гэта значыць народ, усхваляваная рэволюцыйнымі плынямі, дрыжэла і хісталася. Гэтыя мысліцелі абдымалі ў сваіх працах абсалютна ўсё: ад пытання аб вайне да пытання аб кары смерцю. Да правоў чалавека, якія абвясціла Французская рэвалюцыя, яны далучалі пытанне аб правах жанчыны і дзіцяці.

Па сутнасці, усе праблемы, якія ставілі гэтыя мысліцелі, зводзіліся да двух асноўных.

Першая задача — стварыць багацце. Яна заключае ў сабе пытанне аб працы.