Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/398

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бачыць. Ну, я жанюся невядома з кім, у яе няма і кашулі на целе, я таксама босы, мне ўсё ніпачым, а я ўсё-такі хачу, каб ты даў мне сваю згоду“. А стары дурань скажа: „Ідзі, мой друг. Навяжы сабе камень на шыю, жаніся з сваёй бяспрыданіцай“. Ніколі гэтага, судар, не будзе, ніколі!

— Бацька...

— Ніколі!

Па выразу, з якім сказана было гэтае „ніколі“, Марыус бачыў, што няма ніякай надзеі. Павольнымі крокамі, хістаючыся і нізка схіліўшы галаву, ён накіраваўся да выхаду. Пан Жыльнарман сачыў за ім вачыма, і ў тую хвіліну, як Марыус пераступіў цераз парог, стары хутка падышоў да яго, схапіў яго за каўнер сурдута, пасадзіў у крэсла і сказаў:

— Раскажы мне ўсё па парадку.

Гэты пераварот зрабіла слова „бацька“, якое мімаволі вырвалася ў Марыуса.

Марыус збянтэжана глядзеў на старога. Рухавы твар пана Жыльнармана выражаў цяпер бязмежнае добрадушша любячага дзеда.

— Ну, гавары, расказвай свае прыгоды. Маладыя людзі такія дурні, — дадаў ён.

— Бацька... — пачаў Марыус.

Твар старога заззяў невыказным шчасцем.

— Так, так, заві мяне бацькам, і тады мы з табой згаворымся!

У ім было цяпер столькі дабраты, ласкі, ціхамірнасці і любові, што Марыус быў ап’янёны і азадачаны такой раптоўнай пераменай. Ён сеў супроць дзеда, і лямпа асвятліла яго твар і лахманы, у якія ён быў апрануты. Стары зірнуў на іх са здзіўленнем.

— Дык ты і сапраўды без граша! — ускрыкнуў ён. — Ты апрануты, як брадзяга.

Ён выхапіў з шуфляды стала кашалёк, паклаў яго перад Марыусам і сказаў:

— Вось тут сто чырвонцаў. Купі сабе адзенне!

— Бацька, дарагі мой бацька, — пачаў Марыус, — калі-б вы ведалі, як я кахаю яе. У першы раз я ўбачыў яе ў Люксембургскім садзе, потым я страціў яе з-пад увагі і страшэнна пакутваў. Нарэшце, цяпер я бачу яе кожны дзень. Бацька яе гэтага не ведае. І ўявіце: яна выязджае. Бацька хоча звезці яе ў Англію. Тады я сказаў сабе: „Пайду да дзеда і ўсё раскажу яму“. Я звар’яцею, я памру, я захварэю, я ўтаплюся. Я павінен з ёй жаніцца. Я не перанясу разлукі.