Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/396

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зыходзіла ад якогасьці цудоўнага відзення. Ён гатовы быў страціць прытомнасць, Так, гэта быў ён, Марыус. Нарэшце-то! Пасля чатырох год! Ён абняў яго позіркам. Ён знайшоў, што Марыус чароўны, благародны, вырас, зрабіўся зусім дарослым, самастойным чалавекам. Ён палка жадаў-бы сціснуць яго ў сваіх абдымках, прылашчыць, назваць па іменю, але ўвесь прыліў пяшчотнасці і любові, згодна яго прыродзе, выліўся вонкі ў форме грубасці. Ён рэзка запытаў:

— Што вам патрэбна?

— Судар... — адказаў Марыус у замяшанні.

Пан Жыльнарман хацеў, каб Марыус сам кінуўся яму на шыю. Ён быў нездаволены і сабою і ўнукам. Ён адчуваў, што сам ён рэзкі, а Марыус халодны. Гэта было для яго нязносна. Прыкрасць вярнулася да яго, і ён зноў груба запытаў:

— Дык што-ж вам патрэбна? Што, вы прышлі прасіць у мяне прабачэння? Вы сазналі, нарэшце, сваю віну?

У Марыуса быў бледны і халодны, як мрамар, твар.

— Не, — адказаў ён.

— Дык чаго-ж вы хочаце? — ускрыкнуў стары з горам і разам з тым гнеўна.

Марыус з мальбою склаў свае рукі, зрабіў крок наперад і дрыжачым і слабым голасам вымавіў:

— Судар, злітуйцеся нада мною!

Гэтыя словы давялі старога да шаленства. Некалькі хвілін назад яны расчулілі-б яго; цяпер-жа было позна. Стары ўзняўся з крэсла і, абапёршыся абодвума рукамі на кій, з пабялеўшымі губамі і дрыжачай галавой закрычаў:

— Злітавацца вад вамі? Гэта юнак моліць аб літасці ў дзевяностагадовага старога! Вы толькі ўступаеце ў жыццё, я-ж ужо адыходжу ад яго! Вы багаты ўсімі скарбамі свету, я-ж нясу ўсе няшчасці старасці: трухлявасць і адзіноту. Перад вамі ўсё будучае, ярка азаронае сонечным святлом, я-ж перастаю адрозніваць навакольнае — так глыбока пагружаюся я ў цемру. Вы кахаеце, гэта зараз-жа відаць; мяне-ж не любіць ніхто ў свеце. І вы моліце аб літасці! Вы проста забаўны.

Ён абарваў сваю гутарку, потым зноў запытаў:

— Аднак, чаго вы хочаце?

— Я ведаю, — адказаў Марыус, — што мая прысутнасць вам непрыемна. Але я прышоў прасіць вас аб адной толькі рэчы, і пасля гэтага я адразу-ж пайду.

— Вы дурань! — адказаў стары. — Хто гаворыць вам аб тым, каб вы ішлі адсюль.