Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/395

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён некалькі змяніўся за гэты час: зрабіўся больш абыякавы да ўсяго навакольнага і спакойна даведваўся з газет аб палітычных пераваротах, цэнтрам якіх у гэтыя гады была Францыя. Справа ў тым, што яго мучыла гора. Ужо чатыры гады ён не бачыў Марыуса і ўсё чакаў кожны дзень, што гэты дрэнны хлапчук, нарэшце, пазвоніць калі-небудзь у яго дзверы. Не думка аб смерці пужала яго, а тое, што ён, магчыма, не ўбачыць Марыуса. Гэта наводзіла на яго жах. Тым не менш ён лічыў немагчымым зрабіць першы крок да прымірэння. Ён не адчуваў за сабою ніякай віны, але думаў пра ўнука з глыбокай пяшчотнасцю і нямой роспаччу старога, адыходзячага ў вечнасць.

Аднойчы, гэта было чацвертага чэрвеня, ён сядзеў адзін перад гарэўшым камінам. Як звычайна, ён думаў пра Марыуса, і, як звычайна, горкае пачуццё ў ім пераважала. Яго пяшчотнасць перайшла, нарэшце, у абурэнне. Ён дайшоў да таго моманту, калі стараешся ўжо прымірыцца з тым, што раздзірае сэрца. Ён гатовы быў угаварыць сябе, што цяпер няма сэнсу Марыусу з’яўляцца, што калі-б ён хацеў гэта зрабіць, то зрабіў-бы ўжо даўно, што трэба перастаць думаць пра гэта. Галава яго апусцілася на грудзі, і ён накіраваў блукальны жаласны позірк на згасаўшае полымя.

У хвіліну самага глыбокага размышлення ён раптам пачуў голас увайшоўшага слугі:

— Судар, ці можаце вы прыняць пана Марыуса?

Стары адразу выпрастаўся, бледны, як здань, устаўшы пад дзеяннем гальванічнага току.

Уся кроў хлынула яму да сэрца. Ён прамармытаў:

— Якога пана Марыуса?

— Не ведаю, — адказаў слуга, напалоханы выглядам свайго пана. — Я яго не бачыў. Служанка мне сказала: „Прышоў адзін малады чалавек, далажыў, што гэта пан Марыус“.

— Запрашайце, — адказаў Жыльнарман упаўшым голасам.

Ён астаўся ў тым-жа стане, з дрыжачай галавой, з позіркам, накіраваным на дзверы. Яны расчыніліся. Увайшоў нейкі малады чалавек...

Гэта быў Марыус. Ён спыніўся ля парога, нібы чакаючы, каб яго запрасілі ўвайсці.

Яго амаль жабрацкая вопратка непрыкметна была пры слабым святле лямпы. Толькі пахмуры, бледны твар выдзяляўся ў цёмнай рамцы дзвярэй.

Стары Жыльнарман, які звар’яцеў у першую хвіліну ад радасці і нечаканасці, бачыў толькі нейкае святло, што