Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/393

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і яго рэчы, таму што мы паедзем праз тыдзень, здаецца ў Англію.

— Але-ж гэта жахліва! — ускрыкнуў ён. Потым слабым голасам запытаў: — Калі-ж вы паедзеце?

— Ён гэтага не сказаў.

— А калі вы вернецеся?

— І гэтага не сказаў.

Марыус устаў і сказаў холадна:

— Значыць, вы паедзеце?

Казета зірнула на яго вачыма, поўнымі смутку, і збянтэжана адказала:

— Куды?

— У Англію. Вы ад’язджаеце?

— Чаму ты мне гаворыш „вы“?

— Я ў вас запытваю: „вы паедзеце“?

— Як-жа хочаш ты, каб я зрабіла іначай, калі бацька жадае гэтага?

— У такім выпадку я таксама пайду, але зусім у другі бок.

Казета страшэнна пабляднела і схапіла яго за руку.

— Што ты хочаш гэтым сказаць? — прамармытала яна.

Марыус паглядзеў на яе, потым на неба і адказаў:

— Нічога.

Калі ён зноў зірнуў на Казету, то ўбачыў, што яна ўсміхаецца.

— Якія мы дурні! — праказала яна. — Ведаеш, Марыус, у мяне з’явілася ідэя.

— Якая?

— Едзь за намі! Я скажу, куды мы адправімся, і ты нас дагоніш.

Марыус цяпер зусім апамятаўся. Ён зваліўся з воблакаў, на якіх знаходзіўся ўвесь гэты час. Ён закрычаў Казеце:

— Ехаць за вамі! Ці ты звар’яцела! Для гэтага-ж патрэбны грошы, якіх у мяне няма! Ехаць у Англію! Я-ж і жыву нават у таварыша і вінен яму ўжо ліха ведае колькі. Я хаджу ўвесь абадраны і ўжо шэсць тыдняў нічога не раблю. Я — жабрак, Казета. Гэта ты нічога не заўважаеш, таму што бачыш мяне ноччу і кахаеш мяне, а каб убачыла ўдзень, то падала-б мне міласціну. Ехаць у Англію! Ды мне няма чым нават заплаціць за пашпарт.

І ён у роспачы прыхінуўся ілбом да дрэва і прастаяў так некалькі часу. Нарэшце, ён абярнуўся і пачуў рыданні Казеты.

Ён падышоў да яе і стаў на калені. Потым пацалаваў яе нагу.

— Не плач, — сказаў ён.