Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

бацьку і, такім чынам, пачаў дапамагаць сястры. Рабіў ён гэта проста, нібы выконваючы абавязак, прычым захаваў сваю звычайную панурасць. Так прайшла яго маладосць, поўная цяжкай, няўдзячнай працы.

Увечары ён вяртаўся дадому стомлены і моўчкі з'ядаў сваю паліўку. Часта ў той час, як ён еў, сястра выбірала з яго міскі лепшыя кавалачкі, каб аддаць іх каму-небудзь са сваіх дзяцей. Ён усё еў, нізка схіліўшыся над сталом, і рабіў выгляд, што нічога не заўважае.

У пачатку лета ён зарабляў восемнаццаць су ў дзень. Потым, калі канчалася ўборка дрэў, ён наймаўся на жніво, на ферму ці наогул куды-небудзь у якасці парабка. Сястра яго таксама працавала, але што зробіш, калі на шыі сем чалавек дзяцей? Гэта была сумная сям'я, якую мала-па-малу ахоплівала і душыла галеча.

Аднойчы была вельмі суровая зіма. Жан нідзе не мог знайсці работы. У доме не аставалася ні кавалка хлеба. Ні крошкі ў поўным сэнсе слова! І сем чалавек дзяцей.

У адзін святочны вечар Мобер Ізабо, булачнік на царкоўнай плошчы, збіраўся ўжо класціся спаць, як раптам пачуў, што рашотчатае акно ў краме з шумам зазвінела і асколкі шкла паляцелі на падлогу. Ён выскачыў туды якраз у тую хвіліну, калі ў разбітую раму прасунулася чыясьці рука, схапіла буханку хлеба, што ляжала на стале, і сцягнула яе. Ізабо хутчэй кінуўся на вуліцу. Злодзей уцякаў што ёсць духу. Ізабо пагнаўся за ім і злавіў яго. Злодзей, праўда, кінуў хлеб, але акрываўленая рука выдала яго. То быў Жан Вальжан.

Гэта здарылася ў 1795 годзе. Жана Вальжана абвінавацілі на судзе ў крадзяжы са зломам, ноччу, у жылым доме. У яго знайшлі стрэльбу, якой ён вельмі добра ўладаў і часам паляваў на чужых палях. Гэта яшчэ больш пашкодзіла яму, і ён быў прызнаны безумоўна вінаватым. Яго прыгаварылі да пяцігадовай работы на галерах.

22 красавіка 1796 года ў Бісетры[1] закавалі вялікую партыю арыштантаў. Жан Вальжан быў у іх ліку. Адзін стары турэмшчык, якому зараз ужо дзевяноста год, вельмі добра памятае аднаго няшчаснага, прыкутага да канца чацвертага ланцуга ў паўночным кутку двара. Ён, як і астатнія, сядзеў на зямлі. Здавалася, што ён нічога не разумеў у сваім становішчы, апрача таго, што яно нешта жахлівае. Вельмі магчыма, што ў смутным мазгу гэтага цёмнага чалавека яно рысавалася чымсьці немагчымым. Пакуль яму заклёпвалі на патыліцы жалезны нашыйнік, ён плакаў, за-

  1. Бісетр — турма ў Парыжы.