Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/379

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэта былі вокны Бель-Эра. З даха высоўваўся той самы комін, які праходзіў па ўсіх дартуарах.

Абшырная мансарда Бель-Эр была за трайнымі кратамі і дзвярыма, абітымі толем і ўсеянымі вялізнымі цвікамі. Калі пайсці ў гэтую мансарду з паўночнага боку, то па левую руку можна было бачыць чатыры слухавыя акны, а па правую, якраз супроць вокнаў, — чатыры даволі вялікія квадратныя клеткі, якія былі аддзелены адна ад адной вузенькімі праходамі і складаліся ў ніжняй частцы з муру, а ў верхняй — з жалезных бруссяў.

Тэнард’е знаходзіўся ў адной з гэтых клетак з ночы 3 лютага. Ніяк не маглі дакапацца, якім чынам яму ўдалося здабыць і схаваць у сябе бутэльку наркатычнага пітва.

Шмат у якіх турмах пад выглядам служачых водзяцца машэннікі, якія дапамагаюць уцёкам зняволеных і ў выпадку, калі гэта выгадна, прадаюць паліцыі давераныя ім таямніцы.

У тую самую ноч, калі Гаўрош даў у „сябе“ прытулак бяздомным хлопчыкам, Бружон і Гельмер, якія ведалі, што Бабэ, уцёкшы раніцою, чакае іх на вуліцы, таксама як і Манпарнас, паціхоньку ўзняліся і пачалі свідраваць цвікам, знойдзеным Бружонам, комін, сумежны з іх ложкамі. Абломкі цэглы падалі проста на ложак Бружона, так што не рабілі ніякага шуму. Парывы буры, якая суправаджала навальніцу, патрасалі дзверы на цяжкіх петлях і разам з раскатамі грому ўтваралі жахлівы канцэрт, вельмі выгадны для тых, што збіраліся ўцякаць. Тыя з зняволеных, якія прачыналіся ад гэтага грукату і стуку, рабілі выгляд, што не заўважаюць аперацыі Гельмера і Бружона, і стараліся зноў заснуць. Бружон быў спрытны, Гельмер — дужы. Перш чым да вушэй турэмшчыка, які спаў поруч з дартуарам у сваёй рашотчатай клетцы, дайшлі падазроныя гукі, комін быў ужо прабіты, беглякі паспелі выбрацца праз яго на дах, прабіўшы жалезную сетку, якая закрывала верх коміна. Дождж і вецер бушавалі. Дах быў слізкі.

— Ну і ночка! — заўважыў Бружон.

Паміж дахам, на якім цяпер знаходзіліся беглякі, і сцяной дазора была прорва футаў у шэсць шырынёю і ў восемдзесят глыбінёю. На дне гэтай прорвы блішчэла ў цемры зброя часавога.

Беглякі прывязалі звітую Бружонам у карцэры вяроўку да перакладзін коміна, на якіх трымалася жалезная рашотка, і перакінулі вольны канец вяроўкі цераз каменную сцяну, потым адным смелым прыжком пераскочылі цераз зіяючую пад імі прорву і, схапіўшыся за верхні край сцяны, адзін за адным спусціліся па вяроўцы на маленькі дах, што пры-